21 траўня ў судзе Ленінскага раёну Берасця вынеслі прысуд 13 жыхарам гораду за пратэсты ў жніўні 2020 года. Пракурор прасіў для фігурантаў справы да 5 гадоў калоніі. Суддзя Андрэй Грушко вынес прысуд, якога прасіла абвінавачанне, паведамляе карэспандэнт «Белсату».
Трое падсудных цалкам пагадзіліся з выстаўленым абвінавачаннем, сямёра – часткова. Віталія Бандарэнка, Данііл Бандарук і Марк Салонікаў віны не прызналі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Частку асуджаных прызналі палітычнымі вязнямі.
Журналісты «Белсату» запыталі, што пра выракі думаюць бацькі засуджаных.
26-гадовы спартовец Дзяніс Марусевіч 11 верасня летась пайшоў на допыт у Следчы камітэт і дадому не вярнуўся. Ён майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і вайсковым рукапашным баі, былы сябра нацыянальнай зборнай па каратэ. Да 13 ліпеня 2020 года служыў паводле кантракту ў 38-й берасцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Але пасля таго як убачыў, што адбываецца ў краіне, звольніўся. Сёння ён атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
– Справядлівасці ніякай няма, асабліва шкада няпоўнагадовых хлопцаў. Суддзя ўвесь працэс браў актыўны ўдзел, усё запісваў, нават было адчуванне, што можна спадзявацца на ягоны прафесіяналізм і што ён будзе лаяльны хоць бы да няпоўнагадовых, але ён усё пакінуў у сіле. І я, убачыўшы, што было, калі судзілі першы дзясятак, і цяпер, прыходжу да высновы, што разыгрываецца спектакль. Я не ведаю, для чаго гэта робіцца. Можа, робяць выгляд, што яны працуюць. Але атрымліваецца, што суддзя проста манекен, ён нічога не вырашае, у курс справы не ўваходзіць і даў, што запатрабавалі. Але хлопцы нашыя малайцы, добра трымаюцца, усе ўсміхаліся, – кажа Людміла, маці Дзяніса Марусевіча, у размове з «Белсатам».
Жанчына адзначае, што сваякі засуджаных усё разумеюць і вераць, што хутка сітуацыя ў краіне зменіцца ды іхныя дзеці будуць з імі:
– Мы былі маральна гатовыя да гэтага прысуду. Учора ліст ад сына атрымала. Ён у апошнім слове вельмі моцна прамовіў, гэта былі словы чалавека, які верыць у перамогу. Ён нічога не прасіў, а выказаўся пра несправядлівасць уладаў. У канцы мой сын сказаў «Жыве Беларусь!». Але ў нас гэта забаронена, яны, напэўна, не хочуць, каб Беларусь жыла.
Самы вялікі тэрмін, 5 гадоў, атрымаў 20-гадовы Данііл Бандарук. У ягонай сямʼі васьмёра дзяцей. Марк Салонікаў, стрыечны брат Бандарука, атрымаў на паўгода менш. Віктар Бандарук, бацька Данііла, не спадзяваўся на мяккі вырак:
– Сёння мы сталіся сведкамі гэтага беззаконня, якое адбываецца. Не былі ўлічаныя ніякія абставіны. Што пракурор сказаў, тое суддзя і прызначыў. Гэта робіцца толькі для таго, каб аказаць максімальны ціск на нашых дзяцей і нашыя семʼі. Майму сыну далі больш за ўсіх, 5 гадоў. Для нас такое рашэнне не стала сюрпрызам, мы разумеем, што справядлівы суд толькі ў Бога, а тое, што тут напісана «Дом правасуддзя», – нічога не значыць, тут няма справядлівасці.
Яшчэ ў жніўні ў Берасці распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), у ёй праходзяць больш за 80 асобаў. Бальшыня абвінавачваных застаецца ў СІЗА, некаторыя са жніўня. Пераважная частка фігурантаў справы – моладзь.
Ужо на наступным тыдні пачнуць судзіць трэцяю групу людзей у гэтай справе.
Паралельна з гэтым у Берасці працягваюцца працэсы ў гэтак званай карагоднай справе. 14 траўня пачалі судзіць чацвёртую групу. Пазней стала вядома, што ў канцы траўня будуць судзіць і пятую групу падсудных.
AC belsat.eu