Расейцы заявілі пра захоп Танэнькага пад Аўдзееўкай. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 757-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратаўнікі ліквідуюць пажар пасля падзення абломкаў расейскай ракеты ў Кіеве, Украіна. 21 сакавіка 2024 года.
Фота: Vadim Ghirda / AP Photo / East News

Сівэрскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі аб правядзенні мерапрыемстваў дзеля недапушчэння пранікнення дыверсійна-выведных групаў супраціўніка на памежную тэрыторыю Белгародскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ загадзя выяўляюць пункты канцэнтрацыі праўкраінскіх сілаў, таму цяпер супраціўнік шукае новыя «калідоры» выхаду да дзяржаўнай мяжы.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Купянскім раёне Харкаўскай вобласці не фіксуецца наступальнай актыўнасці расейскіх вайскоўцаў, што, імаверна, звязана з перакіданнем часткі сілаў у Белгародскую вобласць РФ.

Разам з тым на суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ цягам апошніх содняў прынамсі 17 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Тэрны, Ямпалеўка, Раздолаўка і Вясёлае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі і Залатароўкі на Луганшчыне. Пры гэтым зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што найбольшую актыўнасць расейцы праяўляюць на ўсходзе ад сёлаў Тэрны і Ямпалеўка (так званы торскі выступ), але за апошнія тры месяцы яны так і не здолелі дасягнуць якіх-небудзь істотных вынікаў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра адбіццё пяці атак супраціўніка ў ваколіцах сёлаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша пра цяжкія баі ў Іванаўскім.

Іншая праўкраінская крыніца – «Говорять Снайпер» – паведамляе, што ўжо тыдзень расейцы не могуць прасунуцца ў сяле, пры гэтым удакладняецца, што ЗСУ ўдаецца знішчаць тэхніку супраціўніка яшчэ пры выездзе з Бахмуту або на поўначы ад суседняй Клішчыеўкі. Такім чынам, пад кантролем украінцаў па-ранейшаму застаецца заходняя частка Іванаўскага.

Разам з тым у Мінабароны РФ заяўляюць, што іхныя вайскоўцы прасунуліся на ўсходзе ад Клішчыеўкі і занялі чыгуначную станцыю «Алебастравая».

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

Паводле Генштабу ЗСУ, на аўдзееўскім кірунку сілы абароны краіны за содні адбілі не менш за 14 атак супраціўніка каля населеных пунктаў Бэрдычы, Сямёнаўка, Танэнькае, Первамайскае, Нятайлава і Невельскае (на захадзе ад самой Аўдзееўкі).

Між тым у Мінабароны РФ заявілі пра захоп сяла Танэнькае.

«Говорять Снайпер» піша, што таксама УС РФ прасунуліся ў лесапаласе каля сяла, заняўшы некалькі пазіцыяў.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што пад кантроль войскаў РФ перайшлі і лецішчы каля Танэнькага. Акрамя гэтага адзначаецца развіццё поспеху каля раней занятай Арлоўкі.

Навапаўлаўскі кірунак (лініі фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

На навапаўлаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ цягам содняў больш за 20 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новамыхайлаўка і Вадзяное.

Тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што ў Георгіеўцы расейцы прасунуліся на адлегласць каля 250 метраў уздоўж рыбалоўнага стаўка.

На паўднёвым захадзе кірунку УС РФ ціснуць у ваколіцах сёлаў Уражайнае і Старамаёрскае (так званы урэмаўскі выступ на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў), але поспеху не маюць. Імаверна, атакуючы тут, расейцы намагаюцца расцягнуць сілы абароны Украіны.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе фронту з поўдня ад гораду Арэхаў.

Генштаб ЗСУ піша пра няўдалыя атакі супраціўніка ў ваколіцах сяла Работына.

Сямён Пегаў гаворыць, што таксама баі ідуць на паўночным захадзе ад суседняга Вэрбовага.

У Херсонскай вобласці расейцы намагаюцца ліквідаваць плацдармы ЗСУ на левым беразе Дняпра ў сяле Крынкі і каля Антонаўскага моста. Тут цягам апошніх содняў яны тройчы атакавалі, калі поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў