Мінінфарм даслаў адказ гомельскаму актывісту, які паскардзіўся на тэлеграм-канал «Жёлтые сливы»


Гомельскі актывіст Ілля Міронаў атрымаў адказ ад Міністэрства інфармацыі на сваю просьбу вынесці папярэджанне набліжанаму да сілавікоў і прапагандыстаў тэлеграм-каналу «Жёлтые сливы» за распальванне нянавісці ў грамадстве. Аднак у ведамстве актывісту рэкамендавалі скардзіцца ў суд, паведамляе партал «Homeldays».

Ілля Міронаў.
Фота: homeldays.org

Актывіст звярнуўся са скаргай аб тым, што допісы тэлеграм-каналу змяшчаюць абразы і паклёп у дачыненні яго асабіста і некаторых сацыяльных групаў, а таксама распальваюць варожасць. Міронаў хацеў, каб Міністэрства інфармацыі вынесла каналу пісьмовае папярэджанне і абавязала яго выдаліць абразлівыя публікацыі.

На гэта ў ведамстве заявілі, што гэты тэлеграм-канал не зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці сеткавага выдання, а значыць, не ёсць СМІ. Таму яны не могуць ужыць захады, пра якія прасіў Міронаў, бо яны ўжываюцца толькі да сродкаў масавай інфармацыі і сеткавых выданняў. У Міністэрстве інфармацыі прапанавалі Міронаву самому запатрабаваць у тэлеграм-каналу абвяржэння паклёпу ці адразу звяртацца з пазовам у суд.

«Узбуджэнне адміністратыўнага або крымінальнага вядзення ў падобных выпадках, а таксама ацэнка дзеянняў фізічных асобаў на наяўнасць прыкметаў злачынства не ўваходзіць у кампетэнцыю Міністэрства інфармацыі», – заявіла ведамства ў сваім лісце і дадало, што «прававыя падставы для ўжывання захадаў рэагавання цяпер адсутнічаюць».

Адказ Міністэрства інфармацыі Іллю Міронаву.
Фота: homeldays.org

Сам актывіст такім адказам не задаволены: «Адказ з Міністэрства інфармацыі чаканы. Я высветліў, што прапагандысцкі ТГ-канал не з’яўляецца СМІ, таму буду звяртацца ў суд і праваахоўныя органы», – сказаў Міронаў.

Летам 2022 года Telegram цалкам выдаліў прапагандысцкія каналы «Жёлтые сливы» і «Ваши сливы». Аднак пасля выдалення каналы былі створаныя зноў. Цяпер у тэлеграм-каналу «Жёлтые сливы» больш за 7 тысяч падпісчыкаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў