Вальфовіч абвінаваціў улады суседніх краін у падрыхтоўцы байцоў для звяржэння ўлады ў Беларусі


Кіраўніцтва Польшчы, краін Балтыі і Украіны «зрабіла стаўку на ўзмоцненую мілітарызацыю» і «выступае ў лідарах дэструктыўна настроенай палітыкі Злучаных Штатаў», заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч 20 студзеня ў праграме «Пытанне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь 1».

Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі.
Фота: Wikipedia

«На тэрыторыі гэтых краін рыхтуюцца дыверсійна-разведвальныя групы, незаконныя ўзброеныя фармаванні з беглых з тэрыторыі Расеі, Беларусі – розных крымінальнікаў усіх масцяў, таму што нармальныя людзі не пойдуць у гэтыя структуры, – сцвярджае чыноўнік. – З іх рыхтуюцца людзі, гатовыя забіваць, праводзіць дыверсіі, ваяваць на тэрыторыі сумежных краін для звяржэння неканстытуцыйным шляхам улады».

«А польскае, прыбалтыйскае кіраўніцтва заахвочвае гэта, рыхтуе і заяўляе аб гэтым адкрыта: «Мы рыхтуем харугвы, баявыя ячэйкі», каб адправіць іх у тым ліку на тэрыторыю Беларусі і правесці, як яны называюць, дэмакратычным шляхам звяржэнне ўлады», – дадаў ён.

Вальфовіч заявіў, што беларускія спецслужбы «адсочваюць гэтую інфармацыю», таму ўлады «гэта ўсё ведаюць».

«Мы валодаем інфармацыяй, дзе рыхтуюцца гэтыя так званыя харугвы, у якім складзе, хто ў іх уваходзіць, і спісы гэтых асоб у нас ёсць. Таму мы, вядома ж, робім, выпрацоўваем адпаведныя меры, каб нейтралізаваць гэтыя пагрозы ў адносінах да нашай бяспекі, у адносінах да нашай краіны. А механізмы нейтралізацыі гэтых пагроз якраз закладзены ў такіх канцэптуальных дакументах, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, новы праект Ваеннай дактрыны», – сказаў дзяржсакратар Савету бяспекі.

Нагадаем, у маі мінулага года аб неабходнасці падтрымаць беларусаў у выпадку ўзброенага паўстання заявіў былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак, які, праўда, да таго моманту не займаў дзяржаўных пасад ужо 10 гадоў. Яго словы выклікалі рэзкую рэакцыю рэжыму: Аляксандр Лукашэнка назваў адстаўнога генерала «хворым» і заявіў аб гатоўнасці сілавікоў да «чарговага мяцяжу», МЗС стала пагражаць «баевікам і экстрэмістам», якія могуць планаваць напад на Беларусь, «жорсткімі дзеяннямі».

Разбор
Падказка з Масквы? Што стаіць за заявамі Церцеля пра харугвы і тэракты
2023.12.14 18:56

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў