Ціханоўская заклікае прыйсці на выбарчыя ўчасткі падчас рэферэндуму


Святлана Ціханоўская распавяла пра дзеянні дэмакратычных сіл падчас рэферэндуму. Скрыншот з прэс-канферэнцыі

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская выступіла з заклікам да беларусаў узяць удзел у галасаванні на рэферэндуме. Яна патлумачыла, што варта зрабіць, каб паказаць сваё стаўленне да захады, зарганізаванай Лукашэнкам.

Пра рэферэндум Ціханоўская сказала так:

«Мы разумеем, што гэта спроба ўтрымаць уладу, але гэта ніяк не вырашае ні палітычнага, ні эканамічнага, ні гуманітарнага крызісу ў нашай краіне, ні праблемаў людзей. Гэта не выбар за ці супраць. Гэта выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. І гэта не тое, за што беларусы змагаліся і працягваюць змагацца».

Ціханоўская паведаміла, што ўчора ейны Офіс, Каардынацыйная рада і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне даслалі лісты ўсім міжнародным партнёрам з заклікам не прызнаваць «рэферэндуму» і падтрымаць патрабаванні беларусаў наконт вызвалення палітычных вязняў ды правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым у выпадку працягу рэпрэсіяў.

На перыяд кампаніі ствараецца аператыўны штаб дэмакратычных сілаў, куды ўвойдуць палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы. «Голас» будзе лічыць галасы, «Честные люди» – інфармацыйна падтрымліваць, «Зубр» – фіксаваць парушэнні, «ByPol» запэўніць інфармацыйную бяспеку. Таксама плануецца шчыльная супраца з дыяспарамі.

«Усё гэта мы робім найперш для таго, каб падтрымаць дзеянні беларусаў у Беларусі», – падкрэсліла палітык.

Яна заклікала беларусаў прыходзіць на ўчасткі для галасавання і рабіць дзве пазнакі ў бюлетэнях, рабіць яго нядзейсным, перакрэсліўшы ўсе прапанаваныя варыянты:

«У бюлетэнях – адно пытанне. Варта перакрэсліць абодва варыянты: і за, і супраць. І гэтае дзеянне варта пацвердзіць на платформе «Голас». Гэта дазволіць нам паказаць рэальную сітуацыю на кожным участку ў кожным горадзе».

Святлана Ціханоўская паказала, як мае выглядаць бюлетэнь для галасавання на рэферэндуме. Скрыншот з прэс-канферэнцыі

Ціханоўская падкрэсліла, што такія дзеянні – адзіны легальны спосаб выказаць кожнаму сваё стаўленне да сістэмы Лукашэнкі.

«Кожны з вас, у каго ёсць яшчэ ідэі, як выкарыстоўваць нелегітымны «рэферэндум», каб паказаць волю народу. Кожны з вас, хто гатовы шчыльна ўключыцца ў працу ў рамках стратэгіі і рыхтавацца да 27 лютага – наш саюзнік, і мы будзем рады бачыць вас з намі. Пішыце нам і далучайцеся», – звярнулася Ціханоўская да беларусаў.

Аналітыка
Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум
2022.01.21 13:37

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў