Улады спынілі крымінальны пераслед журналіста Дашчынскага


Крымінальны пераслед у дачыненні журналіста Алеся Дашчынскага спынены. З яго знялі абмежаванні ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і вярнулі рэчы, канфіскаваныя падчас ператрусу ў 2021 годзе, паведамляе БАЖ.

Алесь Дашчынскі.
Фота: радыё «Свабода»

Алеся Дашчынскага затрымалі ў ліпені 2021 года. Праз восем дзён ён выйшаў на волю, але заставаўся пад падпіскаю ў статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Тады, у сярэдзіне ліпеня 2021 года, сілавікі штурмавалі менскі офіс радыё «Свабода»: выламалі дзверы, вырвалі камеры відэаназірання, канфіскавалі тэхніку, а чаго не змаглі вынесці, проста пашкодзілі.

Дашчынскі супрацоўнічаў з радыё «Рацыя», а з 2004 года да жніўня 2020 года ён меў акрэдытацыю МЗС як карэспандэнт радыё «Свабода».

Сёлета ў сакавіку суд Савецкага раёну Менску пакараў іншага журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча. Яму прысудзілі 1,5 года калоніі, нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх». За кратамі ён прабыў амаль дзевяць месяцаў, пасля чаго нечакана апынуўся на волі і выехаў у Літву.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў