Украіна хоча ўвесці санкцыі супраць усіх беларускіх і расейскіх банкаў


Сектаральныя санкцыі Украіна хоча ўвесці супраць усіх беларускіх і расейскіх банкаў ды фінансавых установаў. З такою прапановаю выступіў Нацыянальны банк Украіны, а Міжведамасная працоўная група (МПГ) у пытаннях рэалізацыі санкцыйнай палітыкі падтрымала гэтую прапанову і рэкамендавала ўнесці пытанне на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА). Пра гэта паведамляе прэс-служба МПГ.

Беларусбанк, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына ўваходзіць у памяшканне «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Паведамляюць, што ўжыванне санкцыяў да фінансавага сектару Расеі і Беларусі будзе спрыяць мінімізацыі магчымасцяў пазбегнуць персанальных санкцыяў з прыцягненнем іншых асобаў і будзе магутным сігналам для іншых краінаў адносна дакладнай і катэгарычнай пазіцыі Украіны ў сферы санкцыйнай палітыкі.

Таксама, згодна з пастановаю МПГ, пасля дапрацоўвання і верыфікацыі ў РНБА будуць пададзеныя прапановы для ўвядзення персанальных санкцыяў супраць кіраўнікоў найбуйнейшых банкаў Расеі.

«МПГ падтрымала прапановы Нацыянальнага банку Украіны ў сектаральных санкцыях супраць банкаўскай сістэмы дзяржавы-тэрарыста. Няхай агрэсар гэта лічыць нашым адказам за ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры», – пракаментавала міністарка эканомікі Юлія Свырыдэнка, якая ўзначальвае санкцыйную групу.

Пастанова пра ўвядзенне сектаральных санкцыяў прымаецца РНБА, уводзіцца ў дзеянне ўказам прэзідэнта Украіны і зацвярджаецца на працягу 48 гадзінаў з дня прыняцця ўказу пастановаю Вярхоўнай Рады і абавязковая да выканання.

Нагадаем, што 16 снежня пастанову ўвесці дзявяты пакет санкцыяў супраць Расеі прыняў Еўразвяз. У тым ліку ён утрымлівае санкцыі супраць расейскіх банкаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў