Масавыя ператрусы і затрыманні адбыліся ў Баранавічах 18 лістапада. 19 лістапада затрыманых судзілі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Ператрусы праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Канфіскоўвалі тэхніку. З некаторымі з затрыманых запісалі «пакаяльнае відэа». На дадзены момант праваабаронцам вядома пра затрыманне мінімум 14 чалавек, дваіх з іх пазней адпусцілі.
19 лістапада над затрыманымі прайшлі суды.
Баранавіцкаму актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу прысудзілі 15 содняў арышту паводле ч.2 арт. 19.11 КоАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Мужчыну абвінавацілі ў размяшчэнні матэрыялу TUT.BY у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасні мінулага году. Мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў арыштавалі на 15 і 13 содняў адпаведна. На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што з’яўляецца адміністратаркай мясцовага тэлеграм-каналу «Поехали Барановичи».
Таксама вядома, што 19 лістапада асудзілі Аляксея Кірпічова. Суд Баранавіцкага раёну пакараў яго шасцідзённым арыштам.
ГГ, belsat.eu