Кінафестываль «Лістапад» стартаваў без міжнароднай акрэдытацыі, з іміджавымі стратамі


У Менску распачаў сваю працу 27-ы міжнародны кінафестываль «Лістапад». Што праўда, 27-ая з ліку імпрэза мусіла адбыцца яшчэ летась, але Міністэрства культуры за дзень да адкрыцця раптоўна адмяніла фэст. Упершыню за ўсе гады яго існавання.

«Для мяне ўсё пачалося ў 2013 годзе, калі я першы раз паехаў у Беларусь. Хаця мяне шмат разоў запрашалі, але тады быў упершыню і быў здзіўлены, якой свежай і добрай была праграма. Гэта вельмі важны фестываль, вельмі добрыя людзі прыязджалі, я там быў адзін раз у журы і палюбіў горад, арганізацыю і людзей», – распавядае дырэктар Варшаўскага кінафестывалю Стэфан Лаўдын.

Фестываль стаў адной з самых улюбёных культурніцкіх падзеяў нават па-за межамі Беларусі. Ва ўсялякім разе, так было дагэтуль. Сёлетні ж «Лістапад» мае шэраг адметнасцяў, якія, як адзначаюць кінакрытыкі, дэманструюць агульны застой беларускай культуры.

Гэтак, у фестывалю цалкам змянілася дырэкцыя. Замест Цэнтру візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», які цягам 11 гадоў быў арганізатарам, у гэтым годзе імпрэзу арганізоўвае кінастудыя «Беларусьфільм», якая перанесла фестываль «Лістапад» з пачатку месяца на 20-я дні.

Hавiны
У Менску зліквідавалі культурніцкі цэнтр, які дапамагаў праводзіць «ТэАрт» і «Лістапад»
2021.08.27 11:28

«Цяпер праходзіць фестываль у Талліне, вельмі важны і ў нашым рэгіёне. І так нельга рабіць, каб фестывалі ішлі адначасова. Існуе сістэма, культура, цывілізацыя. Калі ты вырашаеш не працаваць паводле нашых прынцыпаў, то ты сыходзіш з нашай сям’і», – зазначае Стэфан Лаўдын.

Арганізатары фестывалю казалі пра 300 заявак з 54 краінаў, сярод якіх Аўстрыя, Бельгія, Вялікая Брытанія, Францыя ды іншыя. Але праграма моцна змянілася. Як распявалі «Белсату» на ўмовах ананімнасці кінакрытыкі, гэтым разам няма тэматычна вострых стужак, відавочна зменшылася колькасць працаў вядомых рэжысёраў.

«Адметнасцю фестывалю было тое, што ён быў тэматычны, ён паказваў кіно з краін, дзе раней была савецкая ўлада і камуністы. Гэта вельмі пасавала да беларускай рэчаіснасці, якая дагэтуль перажывае транзіт ад савецкасці да самастойнасці, і ў гэтых стужках можна было пабачыць шмат чаго падобнага на тое, што адбываецца ў нас ці яшчэ адбудзецца ў пэўны момант», – кажа кінакрытык і дадае, што фестываль быў адзінаю пляцоўкаю, дзе маглі сутыкацца беларускія дзяржаўныя і незалежныя кінематаграфісты, размаўляць і паказваць сваё кіно гледачам. Цяпер гэтай магчымасці няма.

Таксама сёлета Міжнародная федэрацыя асацыяцыяў кінапрадзюсараў пазбавіла «Лістапад» акрэдытацыі, якую фестываль меў з 2013 года. Гэта стала магчымым дзякуючы супольнай кампаніі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Беларускай рады культуры. Падставамі сталі рэпрэсіі супраць культурніцкіх ініцыятываў і асобаў ды датычнасць цяперашніх арганізатараў фестывалю да пераследу і гвалту.

«Акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцыяў кінапрадзюсараў маюць такія паважаныя і вядомыя фестывалі, як Берлінскі, Варшаўскі, Каны. І знаходжанне ў гэтым шэрагу кінафестывалю «Лістапад» у той форме, у якой яго прапаноўваюць сёння, і ў тых умовах – гэта недапушчальна і немагчыма», – падкрэслівае Наталля Задзяркоўская, адказная за культуру і нацыянальную спадчыну НАУ.

Паводле экспертаў, пазбаўленне акрэдытацыі – гэта іміджавы ўдар па фестывалі, які ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да праблемаў з яго правядзеннем, дамоўленасцю з кінематаграфістамі і стаўленнем міжнароднай кінасупольнасці да гэтай падзеі.

Hавiны
На выходных у Варшаве прайшоў кінафестываль «Bulbamovie»
2021.11.15 19:28

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Стужка навінаў