Лукашэнка не верыць, што Акадэмія навук сапраўды робіць дроны і электрамабілі


Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка сабраў нараду па пытанню ўдасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў. Паводле яго, гэта трэба для будучыні, бо «без будучыні не можа існаваць ні адзін чалавек, ні адна сістэма, ні адна дзяржава».

Электрамабіль, што належыць Лукашэнку.
Фота: belta.by

Аднак, заявіў Лукашэнка, пры няспынным кіраванні ім Беларуссю «нават калі разумна выпрацаваны праекты стратэгічнага характару, то яны не заўсёды рэалізуюцца«. Таму, сказаў ён, кантроль за выкананнем даручэнняў будзе самым сур’ёзным. Менавіта кантролю і планаванню і была прысвечаная нарада.

У прыватнасці Лукашэнка даручыў правесці комплексную праверку працу Нацыянальнай Акадэміі навук:

«Узімку акадэмію навук трэба падвергнуць вельмі сур’ёзнаму аналізу. Дай бог, каб было так, як нам кіраўнік Акадэміі навук дакладвае: яны сёння робяць усё – ад беспілотнікаў да вырабаў з сухога малака, якія прадаюць у Кітай. Робяць усё. Паглядзім, ці так гэта. Я маю на ўвазе электрамабілі і гэтак далей».

Агулам, паводле яго, «рэальны сектар эканомікі масава выкарыстоўваць працы навукоўцаў чамусьці не імкнецца», «да вытворчасці даходзяць не ўсе новыя распрацоўкі».

«Прабелы ёсць. Перш за ўсё ў планаванні стратэгічных праектаў, абʼектаў высокіх (5-га і 6-га) тэхналагічных укладаў», – заявіў палітык.

Ён заявіў, што яшчэ вясной даручыў ураду, Акадэміі навук і свайму памочніку Аляксандру Косінцу прапрацаваць тэму стварэння «мазгавога ядра», здольнага ацэньваць і курыраваць маштабныя праекты. Ён будзе ў тым ліку «прымушаць усіх вас рэалізоўваць гэтыя праекты».

Hавiны
Лукашэнка хоча «дапытаць» кіраўніка Акадэміі навук наконт стварэння электрамабіля
2020.01.23 13:06

Пра неабходнасць стварыць у Беларусі электрамабіль Лукашэнка заявіў у 2017 годзе на З’ездзе навукоўцаў. Кіраўнік дзяржавы тады адзначыў, што навукоўцы абяцалі яму «зрабіць электрамабіль, батарэю, якой няма ў свеце».

У студзені 2020 года Лукашэнка падчас сустрэчы з навукоўцамі загадаў высветліць, як рэалізоўваюцца ягоныя даручэнні стварыць у Беларусі электрамабіль.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў