Генштаб ЗСУ: Вораг не пакідае спробаў атачыць Аўдзееўку


Расейскія войскі аднавілі напады ў раёне ўкраінскай Аўдзееўкі. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны ў зводцы на раніцу 20 кастрычніка.

Украінскі вайсковец.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Пасля двух дзён адноснага зацішша расейскія войскі за мінулыя содні зноў пачалі актыўна атакаваць у раёне Аўдзееўкі.

«На аўдзееўскім кірунку вораг аднавіў наступальныя дзеянні і не пакідае спробаў атачыць Аўдзееўку. Нашыя ваяры стойка трымаюць абарону, наносячы ворагу шматлікія страты», – гаворыцца ў зводцы.

За мінулыя содні каля Аўдзееўкі страты РФ склалі забітымі і параненымі амаль 900 асобаў, знішчаныя ды пашкоджаныя амаль 50 танкаў і больш як 100 адзінак браняванай тэхнікі расейцаў.

«Усе пазіцыі трымаюцца»

Кіраўнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталій Барабаш паведаміў у эфіры тэлемарафону, што сітуацыя ў Аўдзееўцы вельмі цяжкая:

«Мы разумелі, што яны палезуць бліжэйшымі днямі, але не думалі, што пойдуць уначы. Хоць вайскоўцы выразна сказалі, што ўначы будуць штурмы, хлопцы былі гатовыя. Новая хваля не менш магутная, чымся 10–11 кастрычніка. Ізноў вялікая колькасць тэхнікі».

Паводле Барабаша, «усе пазіцыі трымаюцца, але вораг цісне, не пакідае спробаў горад акружыць».

Таксама, паводле ўкраінскага Генеральнага штабу, частата расейскіх атак расце і на іншых кірунках, але, як сцвярджаюць, усе яны былі адбітыя.

Раней расейскія ваенкары заяўлялі, што войскам РФ удалося пашырыць зону кантролю каля Первамайскага і Севернага (на захадзе ад Аўдзееўкі).

Агляд
ЗСУ прасоўваюцца на левым беразе Дняпра. Што вядома?
2023.10.18 19:47

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў