Расейцы намагаюцца вярнуць пазіцыі пад Бахмутам. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 574-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты 47-й брыгады ўкраінскай арміі стаяць ля танку Leopard 2 у Запарожскай вобласці, Украіна. 16 верасня 2023 года.
Фота: Vincenzo Circosta / Anadolu Agency / Abaca Press / Форум

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на паўночным усходзе Украіны працягваюцца артылерыйскія абстрэлы каля населеных пунктаў Сінькаўка, Навасёлаўскае Новаягораўка, але зменаў па лініі фронту не адбываецца.

На поўдні ліманскага кірунку войскі РФ намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча ў Серабранскім лясніцтве, але поспеху не дасягнулі.

Таксама крыніца адзначае ўдалыя дзеянні дыверсійна-выведнай групы расейцаў у сяле Крухмальнае ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці: дыверсанты змаглі без перашкодаў зайсці ў населены пункт, выканалі пастаўленыя задачы, пасля чаго вярнуліся на падкантрольныя Узброенымі сіламі РФ тэрыторыі.

Між тым прарасейскія крыніцы заяўляюць пра пэўныя поспехі УС РФ.

Так, ваенкор Сямён Пегаў паведамляе аб прасоўванні каля Новаягораўкі, дзе ўдалося ўсталяваць кантроль над часткай адной з вышыняў.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша пра аднаўленне наступу расейцаў каля Сінькаўкі, што супала з папярэднім знішчэннем пераправы ўкраінскіх вайскоўцаў на рацэ Аскіл у ваколіцах Купянску.

Разам з тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захаванне актыўнасці ўкраінцаў каля сяла Дзіброва ў Краматорскім раёне Данецкай вобласці. Паводле ведамства, за содні былі адбітыя дзве атакі праціўніка.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на поўначы ад Бахмуту войскі РФ атакавалі каля сяла Ягаднае, але поспеху не дасягнулі.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што таксама расейцы ціснуць каля суседняй Бярхоўкі, але пакуль сілам абароны краіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

На поўдні ад раённага цэнтру УС РФ пасля падцягвання рэзерваў контратакуюць каля Клішчэеўкі і Андрэеўкі, імкнучыся вярнуць гэтыя населеныя пункты пад свой кантроль.

У Deepstate адзначаюць, што цяпер ЗСУ важна выпрастаць лінію фронту на поўдні ад Бахмуту, для гэтага трэба адкінуць расейцаў за лінію мясцовай чыгункі на ўсім участку фронту каля Клішчэеўкі, Андрэеўкі і, імаверна, Курдзюмаўкі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На мар’інскім кірунку расейцы валодаюць ініцыятывай у ваколіцах аднайменнага гораду. Паводле Генштабу ЗСУ, за содні сілам абароны краіны ўдалося адбіць 13 атак праціўніка.

На суседнім аўдзееўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы таксама засяродзіліся на вядзенні абароны, але пра месцы баёў не паведамляецца.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Прарасейскі «Воин DV» сцвярджае, што на бярдзянскім кірунку актыўнасць ЗСУ захоўваецца толькі каля населеных пунктаў Прыютнае і Старамаёрскае. Тут украінцы намагаюцца прасоўвацца малымі пяхотнымі групамі, але пакуль не маюць поспеху, бо праціўнік іх своечасова выяўляе і яны трапляюць пад удары артылерыі.

У Мінабароны РФ фіксуюць няўдалую атаку праціўніка на поўначы ад Прыютнага, а таксама дзейнасць дыверсійна-выведнай групы каля Новаданецкага.

У гэты ж час тэлеграм-канал «Два майора» заяўляе пра адыход ЗСУ з ускрайкаў Старамаёрскага.

Гэтая інфармацыя ўскосна суадносіцца з паведамленнем украінскага камандавання пра пераход да абароны на бярдзянскім кірунку.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

Deepstate піша пра баі вакол Работына і каля Вербавага. Крыніца адзначае павелічэнне колькасці расейскіх контратак, што ўплывае на прасоўванне ЗСУ.

Пегаў гаворыць, што контратакамі каля Работына расейцы купіравалі спробы ўкраінцаў прасунуцца да Новапракопаўкі. Разам з тым ваенкор прызнае, што каля Вербавага Збройным сілам удалося прасунуцца да заходніх ускрайкаў сяла, дзе цяпер працягваюцца цяжкія баі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў