Прысуд экс-спецназаўцу Юрыю Гараўскаму будзе агучаны на наступным тыдні


20 верасня ў Швейцарыі працягнуўся суд над былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім, датычным да справы са знікненнем і забойствам вядомых палітыкаў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў. Пасяджэнне закончылася, чакаецца вынясенне прысуду, перадае выданне «Новы час», якое сочыць за хадою працэсу.

Юрый Гараўскі.
Фота: «Deutsche Welle»

Сёння ў Швейцарыі адбылося аднаўленне судовага працэсу над былым беларускім спецназаўцам, і да таго, як даць Юрыю Гараўскаму апошняе слова, у судзе выступіла адвакатка абвінавачанага, якая заявіла аб невінаватасці свайго падабароннага. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што Гараўскі «ўсяго толькі быў салдатам, які выконваў загад», але пры гэтым яна прызнала, што ён удзельнічаў у выкраданні апазіцыйных палітыкаў.

Таксама перад судом выступіў пракурор Пэтэр Гангартнэр (Peter Hangartner), які паўтарыў свае ўчорашнія словы аб вінаватасці Гараўскага, а пазней слова ўзяў прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай Севярын Вальц.

Паводле Вальца, Гараўскі вінаваты ў гвалтоўных знікненнях беларускіх палітыкаў. Севярын Вальц таксама адзначыў, што тэрмін даўнасці ў гэтай справе не прайшоў, бо ў 2001 годзе сталі вядомыя ўрыўкі інфармацыі, чуткі, а кейс Гараўскага разглядаецца тут і цяпер.

Юрый Гараўскі пад аховай швейцарскай паліцыі ў перапынку судовага пасяджэння 19 верасня 2023 года.
Фота: «Новы час»

Затым з апошнім словам выступіў сам Юрый Гараўскі. У ім былы спецназавец звярнуўся да суддзі, блізкіх і сваякоў забітых.

«Паважаны суд, – звярнуўся Гараўскі да суддзі, – вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Я прашу прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, разлічваю на справядлівае пакаранне швейцарскага суда», – сказаў Гараўскі.

Пасля гэтага судовае пасяджэнне завяршылася. Суддзя паведаміў, што вердыкт будзе вынесены на наступным тыдні ў пісьмовай форме. Дзеля абвяшчэння прысуду не будзе склікацца асобнае пасяджэнне.

Таксама суддзя адзначыў, што матывацыйная частка з тлумачэннямі не будзе апублікаваная адразу. Як паведамілі «Новаму часу» юрысты-эксперты, гэта не тыповая практыкай для швейцарскага правасуддзя.

Hавiны
Для Юрыя Гараўскага запыталі 3 гады турмы
2023.09.19 18:50

Нагадаем, што беларус Юрый Гараўскі абвінавачваецца ў датычнасці да знікненняў вядомых беларускіх палітыкаў. У 1999 годзе ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне знікнення вынікаў не дало, праз дваццаць гадоў яго зусім спынілі.

Пракурор запытаў для Гараўскага тры гады пазбаўлення волі з адным годам рэальнага зняволення і двума гадамі ўмоўна.

Гісторыі
У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады
2023.09.19 14:35

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў