«Мінімум 20-гадовы тэрмін». Дачка забітага Юрыя Захаранкі пракаментавала суд над Гараўскім


У Швейцарыі 19-20 верасня адбылося паседжанне суда над былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім, датычным да справы са знікненнем і забойствам вядомых палітыкаў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў. Пракурор запытаў для яго тры гады пазбаўлення волі з адным годам рэальнага зняволення і двума гадамі ўмоўна. Аднак Алена Захаранка, дачка забітага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранка, лічыць гэты тэрмін замалым для саўдзельніка такога злачынства.

Алена Захаранка.
Фота: Deutsche Welle

Нагадаем, што беларус Юрый Гараўскі абвінавачваецца ў датычнасці да знікненняў вядомых беларускіх палітыкаў. У 1999 годзе ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне знікнення вынікаў не дало, праз дваццаць гадоў яго зусім спынілі.

Вердыкт Гараўскаму будзе вынесены на наступным тыдні ў пісьмовай форме. Папярэдне пракурор запытаў для яго тры гады пазбаўлення волі. Між тым Алена Захаранка распавяла журналісту «Белсату», што незадаволеная такім тэрмінам:

«Ён з’яўляецца саўдзельнікам забойства майго бацькі і па законе ён павінен мінімум 20-гадовы тэрмін знаходзіцца ў турме. Гэта ўсё магчымае, што мы зрабілі ў гэтай краіне. Я спадзяюся толькі на станоўчы вынік судовага працэсу», – сказала яна.

На судзе Юрый Гараўскі таксама папрасіў прабачэнне ў родных і блізкіх выкрадзеных і забітых палітыкаў. Аднак Алена кажа, што ёй складана прымаць гэтыя прабачэнні.

«На ягоную просьбу аб прабачэнні я не зрэагавала ніяк, таму што ў мяне разбурана ўсё жыццё і хранічны боль. Нельга сувымераць і выказаць пачуццямі, што перанесла мая сям’я і пераносіць да гэтага часу. Таму гэта абсалютна не мае значэння, ці сказаў ён гэтыя словы, хаця на ягоным месцы, напэўна, трэба было падысці да пацярпелых. Ён гэтага не зрабіў, хаця знаходзіўся зусім побач, нават у калідоры», – кажа дачка Юрыя Захаранка.

Гісторыі
У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады
2023.09.19 14:35

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка лічыць, што нягледзячы на тое, якім будзе прысуд у справе, гэта вельмі паказальны і важны працэс. Значыць у будучыні можна будзе дабівацца ўзбуджэння і разгляду ў судах новых падобных справаў. «Мы будзем бачыць па выніку, наколькі гэта будзе лёгка і перспектыўна ў найбліжэйшай будучыні», – дадае праваабаронца.

Кажучы пра вынікі суда, Сапелка заяўляе, што дакладна не ведае, якое будзе пакаранне для Юрыя Гараўскага:

«Калі мне кажуць, што гэта, безумоўна, будзе абвінаваўчы прысуд, я пакідаю некаторыя шанцы, што гэты прысуд можа быць іншым. Насамрэч гэта вельмі цяжкая справа для даказвання, для юрыдычнай кваліфікацыі. Гэта першыя крокі, якія робяцца судамі, у прыватнасці Швейцарыі, у рэалізацыі прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі і выкарыстання нормаў міжнародных дагавораў».

У будучыні гэта можа стаць падштурхоўваючым фактарам для пракуратуры іншых дзяржаў у іх працы па такіх справах. У прыватнасці па справах, звязаных са злачынствам у дачыненні да беларусаў у 2020-м і ў наступных гадах.

Падчас суда Гараўскі заявіў, што калі суд «вынесе суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады». Сапелка лічыць, што ў нейкім сэнсе ён мае рацыю.

«Мы павінны разумець, што калі чалавек гатовы сведчыць супраць тых, хто вінаваты ў самых цяжкіх злачынствах у Беларусі і пры гэтым ён сам вінаваты, то пакаранне яму павінна прызначацца з улікам усіх фактараў. У тым ліку зыходзячы менавіта з самога факта звароту гэтага чалавека. Па сутнасці гэта яўка з павіннай. Бо ўсяго гэтага працэсу без заявы Гараўскага магло быць і не быць», – кажа праваабаронца.

Паводле швейцарскага заканадаўства Гараўскаму пагражае ад 1 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Сам ён разлічвае на ўмоўны тэрмін, бо прызнаўся ў выкраданнях і віны не адмаўляе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў