У Расею будуць перавозіць яшчэ больш нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў з Беларусі


Праз расейскія парты ў 2023 годзе плануецца адправіць 6,5 млн тонаў нафтапрадуктаў і 8,4 млн тонаў калійных угнаенняў. Такія аб’ёмы прадугледжаныя міжурадавымі пагадненнямі, падпісанымі Беларуссю і Расеяй, паведамляе выданне «Прайм» са спасылкай на міністра транспарту РФ Віталія Савельева.

Вагоны «Беларуськалію». Крыніца: delfi.lt

Аб’ёмы транспартавання нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў абмяркоўваліся на паседжанні сесіі Парламенцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі.

Паводле міністра транспарту РФ, у 2022 годзе планавалася перавезці чыгункаю 2,9 млн тонаў нафтапрадуктаў, але фактычна перавезлі 3,7 млн тонаў.

«То бок, уяўляеце, мы ставім план – і практычна падвойваем», – зазначыў Віталій Савельеў.

Аналітыка
Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус
2023.06.20 08:00

План транспартавання калійных угнаенняў складаў 1,1 млн тонаў, але перавезеныя былі 3 млн тонаў.

«Паводле калійных угнаенняў на 2023 год – гэта новыя тэмы для нас абаіх… У гэтым годзе мы забяспечым перавалку 8,4 мільёна тонаў калійных угнаенняў», – паведаміў расейскі міністр.

За амаль 6 месяцаў 2023 года ў Расею ўжо былі перавезеныя 4 млн тонаў беларускага калію.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў