У Грузіі пратэстоўцы дамагліся адмены вяселля, на якое прыехала дачка Сяргея Лаўрова


У суботу, 20 траўня, апазіцыя, грамадзянскія актывісты і грамадскія дзеячы Грузіі зладзілі мітынг каля гатэлю «Kvareli Lake Resort» у Кахэці. Грузіны пратэставалі супраць таго, што сярод гасцей – Кацярына Вінакурава, дачка міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, а таксама ейны муж ды іншыя сямейнікі.

Паліцыя перакрыла пад’езды да гатэлю «Kvareli Lake Resort», дзе, імаверна, спынілася дачка Сяргея Лаўрова.
Фота: тэлеграм-канал Мікалая Леўшыца

Кацярына Вінакурава прыехала ў Грузію на вяселле брата свайго мужа. Афіцыйная рэгістрацыя адбылася ў пятніцу 19 траўня ў Тбілісі, святкаванне працягваецца некалькі дзён.

Пратэстоўцы казалі, што не дазволяць піць «за Пуціна» на вечаровым банкеце. Пасля пачатку акцыі ўезд на тэрыторыю гатэлю перакрыла паліцыя. 16 чалавек затрымалі.

Паводле «SovaNews», напярэдадні позна ўвечары да гатэлю прыехаў адзін з лідараў апазіцыйнага Адзінага нацыянальнага руху Ніка Мэлія. Яго сустрэла паліцыя. Мэлія сцвярджае, што адміністрацыя гатэлю пацвердзіла, што ў іх спыніліся чальцы сям’і расейскага міністра.

У той жа час «SovaNews» піша, што адміністрацыя гатэлю абвяргае, нібы сярод іхных гасцей ёсць дачка Лаўрова.

«Мы хочам адрэагаваць на дэзынфармацыю, якая распаўсюджваецца ў СМІ! Заяўляем, што прыбыццё дачкі Лаўрова ў «Kvareli Lake Resort» не адпавядае рэчаіснасці, у нас не зафіксаваны і раней не фіксаваўся пастаялец з прозвішчам Лаўроў», – сказалі ў гатэлі.

20 траўня прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі падчас экстраннага брыфінгу паведаміла, што святкаванне вяселля ў Кахэці адмененае, а расейскія грамадзяне, якія на яго прыехалі, пакінуць Грузію найбліжэйшым часам. Такую інфармацыю прэзідэнтка атрымала ад міністра ўнутраных справаў Вахтанга Гамэлауры і назвала гэта перамогай грамадзянскай супольнасці. Журналістаў і актывістаў усцяж не пускаюць на тэрыторыю гатэлю.

Таксама цягам апошніх дзён у Тбілісі прайшлі мітынгі супраць аднаўлення авіярэйсаў паміж Расеяй і Грузіяй.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў