Эксперты: Кітай пераманьвае краіны Цэнтральнай Азіі, пакуль Расея захрасла ва Украіне


18-19 траўня ў кітайскім Сіяне прайшоў саміт Кітая і пяці постсавецкіх краін Цэнтральнай Азіі. Гэта была першая сумесная сустрэча лідараў Кітаю, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану і Узбекістану, якая стварыла новы фармат іх стасункаў.

Удзельнікі саміту «Кітай – Цэнтральная Азія».
Фота: russian.news.cn

Як паведамляе «Синьхуа», шэсць краін сумесна падпісалі Сіяньскую дэкларацыю саміту «Кітай – Цэнтральная Азія», прынялі пералік вынікаў саміту і намецілі план далейшага развіцця стасункаў паміж Кітаем і Цэнтральнай Азіяй.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін адзначыў, што яны поўныя рашучасці працаваць разам, каб рэагаваць на выклікі і будаваць больш шчыльную кітайска-цэнтральнаазіяцкую супольнасць. Гэтак, яны дамовіліся цвёрда падтрымліваць адна адну ў пытаннях суверэнітэту, незалежнасці, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласці.

Таксама яны «прыкладуць намаганні для ўмацавання спалучэння стратэгіяў развіцця, каб сфармаваць новую парадыгму супрацы, якая характарызуецца высокім узроўнем узаемадапаўняльнасці і ўзаемнай выгадай». Апроч таго, краіны будуць паглыбляць гуманітарныя абмены, актыўна супрацоўнічаючы ў галіне спорту, археалогіі, турызму, медыцыны і іншых.

Паводле старшыні КНР, усе бакі будуць рашуча змагацца з усімі формамі тэрарызму, сепаратызму і экстрэмізму, а таксама з незаконным абаротам наркотыкаў і транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, і аб’яднаюць намаганні для пабудовы Цэнтральнай Азіі, свабоднай ад канфліктаў.

Кіраўнікі краін абвясцілі аб афіцыйным стварэнні механізму сустрэч, што будуць праходзіць раз на два гады. Наступная пройдзе ў Казахстане.

«Вайна парушыла многія сувязі»

Амерыканскае выданне CNN піша, што Пекін з дапамогай гэтага саміту «спрабуе пашырыць свой уплыў у рэгіёне, які доўгі час лічыўся сферай уплыву Расеі», якая цяпер «адцягненая сваім знясільваючым і беспаспяховым уварваннем ва Украіну».

«Найбольш важным кантэкстам гэтага саміту зʼяўляецца вайна ва Украіне і нявызначанасць рэгіёну ў дачыненні да будучых абавязкаў, уплыву і ролі Расеі ў рэгіёне», – мяркуе Юн Сун, дырэктарка Кітайскай праграмы аналітычнага цэнтру Stimson Center у Вашынгтоне.

Выданне адзначае, для КНР дзяржавы Цэнтральнай Азіі з’яўляюцца ключавымі патэнцыйнымі саюзнікамі на такіх форумах, як ААН, ды прадстаўляюць цікавасць у арганізацыі лагістычных маршрутаў у Еўропу.

Сі Цзін Пін на саміце «Кітай – Цэнтральная Азія».
Фота: russian.news.cn

«Вайна парушыла многія сувязі паміж Расеяй і Цэнтральнай Азіяй, асабліва гандлёвыя, асабліва транспартныя, транзітныя, інвестыцыйныя і міграцыйныя», – сказаў Азімжан Хітахунаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Еўразійскага даследчага інстытуту ў Алматы (Казахстан).

Кітай жа, паводле яго, з’яўляецца для Цэнтральнай Азіі «адным з яе важнейшых альтэрнатыўных рынкаў».

Апроч таго, цэнтральнаазіяцкія краіны ствараюць для КНР буфер з такімі краінамі, як Афганістан. Таксама Пекін даўно занепакоены пратэстамі ў Цэнтральнай Азіі, якія падсілкоўваюць патэнцыйнае незадавальненне ў яго паўночна-заходнім рэгіёне Сіньцзян. У сваю чаргу краіны Цэнтральнай Азіі могуць быць зацікаўленыя ў доступе да тэхналогіяў сачэння, якія Пекін выкарыстоўвае для назірання за сваёй уласнай грамадскасцю.

Таксама саміт – гэта «добрая магчымасць для Кітая заручыцца падтрымкай гэтых краін у дачыненні да падыходу Кітая да пасярэдніцтва ў вайне паміж Расеяй і Украінай», мяркуе Лі Мінцзян, дацэнт кафедры міжнародных адносін сінгапурскага тэхналагічнага ўніверсітэту Наньян.

Дый у самім рэгіёне «ёсць асцярогі з нагоды таго, што ён можа стаць наступнай мішэнню расейскай агрэсіі».

Насцярожанасць да мэтаў Масквы

Пра тое, што «Кітай імкнецца максімальна выкарыстоўваць сітуацыю, калі ўвага і рэсурсы Расеі сканцэнтраваныя на ўкраінскім канфлікце», піша і расейскі палітолаг Аляксандр Івахнік.

Удзельнікі саміту «Кітай – Цэнтральная Азія».
Фота: russian.news.cn

«Больш за тое, пасля пачатку расейскай СВА некаторыя краіны Цэнтральнай Азіі сталі насцярожана ставіцца да мэтаў Масквы ў рэгіёне, і Пекін не выпадкова падкрэслівае неабходнасць забеспячэння бяспекі і суверэнітэту гэтых краін. Зразумела, што цэнтральнаазіяцкія краіны адварочваюцца ад Расеі», – адзначае ён.

На яго думку, цэнтральнаазіяцкія краіны будуць «усё ў большай ступені» арыентавацца на ўзаемадзеянне з Кітаем.

Hавiны
МЗС Расеі: Краіны СНД з Цэнтральнай Азіі гатовыя далучыцца да санкцыяў супраць РФ
2023.05.16 13:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў