У небе над Беларуссю і Украінаю заўважылі светлавы выбліск, крыніца якога невядомая


У Гомлі і Мазыры позна ўвечары 19 красавіка зафіксавалі яркі выбліск, паведамляе гомельскі інтэрнэт-рэсурс «Флагшток». У гэты ж час такое свячэнне бачылі над Кіевам. Што гэта было, дасюль дакладна невядома.

У небе над Беларуссю і Украінаю заўважылі светлавы выбліск.
Фота: Babel/Telegram

Выбліск, які ўбачылі гомельцы і мозырцы, быў жоўта-сіняга ці жоўта-зялёнага колеру. У Гомлі святло назіралася на поўдні, а ў Мазыры – у паўднёва-ўсходнім кірунку. Доўжыўся выбліск каля трох секундаў. Такі ж эфект назіралі ва Украіне. У інтэрнэце з’явілася шмат фотаздымкаў і відэазапісаў з’явы. Расейская служба Бі-Бі-Сі сцвярджае, што журналісты верыфікавалі сапраўднасць запісаў.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак у сваім тэлеграм-канале напісаў, што гэта спрацавала ўкраінская СПА, але праз некаторы час пост быў выдалены. Пазней у прэс-службе Паветраных сілаў ЗСУ заявілі, што прычынаю выбліску магло быць падзенне спадарожніка ці метэарыту. У прэс-службе запэўнілі, што пагрозы ракетнага абстрэлу Расеяй Кіева няма, супрацьпаветраная абарона ў стане гатовасці.

«Каля 22:00 19 красавіка ў межах Кіева ў небе назіралася яркае свячэнне паветранага аб’екту. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэтая з’ява сталася вынікам падзення на Зямлю касмічнага спадарожніка NASA. Каб пазбегчы ахвяраў ад падзення на зямлю аскепкаў, была абвешчаная паветраная трывога. СПА не працавала», – паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.

Тым часам NASA не пацвярджае, што выбліск быў выкліканы падзеннем спадарожніка.

Напярэдадні, у пачатку тыдня NASA паведамляла, што навукова-даследчы спадарожнік RHESSI, які адпрацаваў на арбіце з 2002 да 2018 года, увойдзе ў зямную атмасферу ў сераду. Аднак, як заявіў Бі-Бі-Сі прадстаўнік NASA ў сувязях з грамадскасцю Роб Маргета, у той час, калі ў небе над Беларуссю і Украінаю бачылі выбліск, спадарожнік усё яшчэ быў на арбіце. Таксама раней у навуковым таварыстве «Alpha Centauri» паведамлялі, што траекторыя падзення спадарожніка – далёка ад Украіны. Навукоўцы мяркуюць, што найбольш верагоднаю прычынаю выбліску стала падзенне метэарыта.

Галоўны цэнтр спецыяльнага кантролю Украіны паведамляе, што 19 красавіка а 21:57 паводле кіеўскага часу на тэрыторыі Украіны была зарэгістраваная высокаэнергетычная акустычная падзея. Меркаванае месца эпіцэнтру выбуху – у Кіеўскай вобласці. Падзея, імаверна, звязаная з уваходам касмічнага цела ў шчыльныя слаі атмасферы. Інфармацыю ўдакладняюць.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў