«Свабода значыць для нас усё»: Ціханоўская адкрыла Дзень Беларусі ў Еўрапарламенце


Святлана Ціханоўская адкрыла Дзень Беларусі ў Еўрапарламенце з нагоды Дня волі. Там арганізаваная выстава «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечаная беларускаму нобэлеўскаму лаўрэату і старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Святлана Ціханоўская на адкрыцці Дня Беларусі ў Еўрапарламенце.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Рэжым помсціць Алесю за ягоную мужнасць і прынцыпы. Рэжым помсціць Алесю за яго дабрыню і адкрытае сэрца, – сказала Ціханоўская на адкрыцці Дня Беларусі. – Рэжым помсціць Алесю за тое, што ён еўрапеец і адстойвае каштоўнасці гуманізму. Алесь ахвяраваў сваёй свабодай, бо верыў у свабоду для ўсіх. Ён верыў, што пакуль свабоднымі не будуць усе, свабодным не будзе ніхто. Але калі рэжым думае, што турма зламае Алеся, ён памыляецца. Такія людзі, як Алесь, як усе нашыя палітычныя вязні, – яны непахісныя».

Нобэлеўскі лаўрэат знаходзіцца за кратамі ў Беларусі з 14 ліпеня 2021. Рэжым абвінаваціў яго ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Бяляцкі пакараны 10 гадамі пазбаўлення волі.

Выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму ў Еўрапарламенце.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Падчас адкрыцця выставы ў гонар праваабаронцы Беларускі вольны тэатр зладзіў перформанс «Постдзяцінства» аб вымушанай эміграцыі і вайне.

«Гісторыі “Постдзяцінства” нагадваюць нам пра тое, што шрамы, пакінутыя дыктатурай і вайной, глыбокія і закранаюць не толькі фізічныя ландшафты Беларусі і Украіны, але і ўнутраны свет нашых дзяцей. Прысутнічаючы сёння тут і гледзячы гэты спектакль, мы падтрымліваем іх. Мы паказваем, што стаім на іх баку і верым у свабоду», – сказала Святлана Ціханоўская.

Дзень Беларусі ў Еўрапарламенце арганізавалі дэпутаты Еўрапарламенту і палітыкі Еўрапейскай народнай партыі з дапамогай Беларускага вольнага тэатру і Беларускага дому ў Варшаве.

Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
2023.10.20 08:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў