Шчыльныя баі без істотных зменаў лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 756-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы падчас баявых вучэнняў з удзелам БМП-1 на Данбасе, Украіна. 19 сакавіка 2024 года.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўнае выбіццё праціўніка з тэрыторыі сяла Казінка ў Белгародскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ўцалелыя праўкраінскія сілы адышлі за мяжу і новых вылазак не праводзяць. Разам з тым абстрэлы Белгародчыны працягваюцца.

Іншая прарасейская крыніца – ваенкор Сямён Пегаўфіксуе актыўнасць праціўніка і каля сяла Цёткіна.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 10 штурмаў праціўніка каля сяла Сынькоўка.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы не менш за 14 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці і каля Белагораўкі ў Луганскай.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што каля Цернаў ЗСУ, адбіваючы атакі, знішчылі дэсант праціўніка разам з танкам і БМП.

Іншая крыніца – «Офіцер» – піша, што войскі РФ часова зайшлі ў Белагораўку, але ў выніку былі разбітыя, пасля чаго адступілі.

Мінабароны РФ паведамляе, што каля Цернаў і Белагораўкі ЗСУ контратакуюць.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Украінскае камандаванне фіксуе сем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Клішчыеўка, Прэдтэчына і Белая гара. Баі каля двух апошніх сёлаў ускосна ўказваюць на тое, расейцы абышлі Клішчыеўку, а таксама праціснуліся паміж Андрэеўкай і Курдзюмаўкай.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што акрамя гэтага баі ідуць у сёлах Багданаўка і Іванаўскае.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» паведамляе, што расейцы намагаюцца пры дапамозе авіяцыйных бомбаў знішчыць лінію абароны ЗСУ.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць з захаду ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Канал «Два майора» піша, што расейцы замацаваліся ў раней занятым сяле Арлоўка.

Сямён Пегаў гаворыць, што таксама УС РФ прасунуліся ў Танэнькім і Первамайскім. У Бэрдычах, паводле ваенкора, баі маюць сустрэчы характар.

Міністэрства абароны РФ адзначае контратакі ЗСУ на кірунку.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

На навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы цягам содняў больш за 20 атакавалі ў ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Новаміхайлаўкі і Вадзянога, але поспеху не дасягнулі.

Між тым Пегаў сцвярджае, што расейцы ўсё ж прасунуліся ў Новаміхайлаўцы. Пры гэтым ваенкор фіксуе поспехі ЗСУ ў Краснагораўцы, адкуль сілы абароны Украіны паступова выбіваюць праціўніка.

Мінабароны РФ піша пра безвыніковыя контратакі ўкраінцаў каля Вадзянога і Паўлаўка.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на захадзе Данецкай, у Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы зноў наступалі каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але прасунуцца не здолелі. У адказ ЗСУ контратакуюць.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў. Прарасейскі тэлеграм-канал «Дневник Десантника» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся ў сяле Работына, пасля чаго адбілі контратакі праціўніка. ЗСУ падцягваюць рэзервы.

У Херсонскай вобласці ўкраінцы ўтрымліваюць невялікія плацдармы на левым беразе Дняпра ў сяле Крынкі і ў ваколіцах Антонаўскага моста. Пакуль войскам РФ не ўдаецца выбіць праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў