Захад рыхтуе правакацыю супраць палякаў, каб абвінаваціць Беларусь: якімі новымі страшылкамі Лукашэнка корміць беларусаў


Аляксандр Лукашэнка 20 лютага правёў «пашыраную нараду па бяспецы», на якой заявіў, што польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь, паведамляе ягоная прэс-служба. Яшчэ палітык накручваў грамадства пагрозаю Трэцяй сусветнай вайны і абвінаваціў апазіцыю ў супрацы з Захадам.

Лукашэнка са сваёй зброяй. Калаж: Белсат

«Усе здабытыя выведкаю сцэнары рознага роду правакацыяў, правядзення экстрэмісцкіх акцыяў з задзейнічаннем баевікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, Польшчы і Літвы, мы ведаем і неадкладна агалошваем, наколькі гэта магчыма. Цяпер падтрымаем гэтую традыцыю. Яшчэ адна аператыўная інфармацыя. Даслоўна цытую (гэта ўжо для палякаў важна): «польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь», – расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён не ўдакладніў, адкуль у яго гэтая інфармацыя.

Лукашэнка таксама заявіў, што Варшава «спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць нашых “ціхушак” і “лахушак”».

«Яны будуць шукаць і ствараць новых лаяльных да Захаду і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады – ад банальных подкупу і шантажу да пагрозаў жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто заўгодна», – папярэдзіў ён сілавікоў, перад якімі выступаў.

Лукашэнка таксама заклікаў «ментальна і стратэгічна» рыхтавацца да вайны.

Тры сцэнары Захаду адносна Беларусі: версія Лукашэнкі

Акрамя гэтага, Лукашэнка распавёў, што «замежныя куратары ад спецслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнары сваіх дзеянняў» у дачыненні да Беларусі.

«Першы – самы жаданы для іх. Гэта арганізацыя дзяржаўнага перавароту або гвалтоўны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі. Але пры гэтым самі ацэньваюць яго як малаверагодны. Рэальных перадумоваў для разгойдвання сітуацыі паводле аналогіі з 2020 годам яны пакуль не бачаць», – заявіў Лукашэнка.

Другі сцэнар, паводле ягоных словаў, – «выкарыстанне бягучай выбарчай кампаніі ў якасці рэпетыцыі і пачатковага этапу для падрыхтоўкі да дзяржперавароту ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе».

«Менавіта на гэты сюжэт будуць кінутыя ўсе асноўныя сілы і рэсурсы, актываваны працэс пошуку новых кропак кіпення ў грамадстве, здольных справакаваць новую хвалю пратэсту», – заявіў ён.

Трэці сцэнар, працягнуў Лукашэнка, – «гульня ўдоўгую з шырокім задзейнічаннем інструментаў мяккай сілы».

«Так, сёння асобныя інструменты гэтай мяккай сілы нейтралізаваныя. Мы кардынальна перагледзелі падыходы да дзейнасці антыбеларускіх фондаў і нібыта праваабарончых арганізацыяў унутры Беларусі. Правялі перарэгістрацыю партыяў», – сказаў ён.

«Але ўплываць на эмацыйна ўразлівых людзей праз сацсеткі і мэсэнджары, распрацоўваць новыя каналы сувязі і кіравання масамі спрабуюць і будуць спрабаваць. Да таго ж, яны ўлічылі свае памылкі. І мы не павінныя жыць у ілюзіі абсалютнай перамогі», – дадаў ён.

«Справа нават не ў страчаных мільёнах, выдаткаваных на няўдалыя мяцяжы. Яшчэ надрукуюць. Размова ідзе аб рэпутацыйных стратах на ўзроўні міжнароднай палітыкі. Гегемону надакучыла ламаць зубы аб Беларусь, якую нават не кожны амерыканец знойдзе на карце свету», – заявіў Лукашэнка.

ВІДЭА
Што кіраўніцтва NATO думае пра агрэсіўную рыторыку Лукашэнкі?
2024.02.16 17:38

Лукашэнка сцвярджае, што ў яго ёсць усё неабходнае (гаворка найперш пра расейскую ядравую зброю), каб абараніць сябе і нанесці праціўніку непрымальную шкоду.

Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што толькі шматпалярны свет здольны ўсталяваць раўнавагу і гарантаваць бяспеку на ўсіх кантынентах. Пад «шматпалярным светам» расейская і лукашэнкаўская прапаганда маюць на ўвазе рост уплыву Расеі і Кітаю і памяншэнне ўплыву краінаў еўраатлантычнага блоку.

«Пераход да яго вельмі стрэсавы і драматычны. А па-іншаму і не можа быць», – сказаў Лукашэнка.

У той жа час ён заявіў пра нежаданне ўключацца ў прамыя ваенныя дзеянні ва Украіне:

«У нас на руках закрытая інфармацыя. Мы дакладна ведаем, што думае з гэтай нагоды начальнік Генеральнага штабу адной з краін – чальцоў NATO: “Мы не змаглі ўцягнуць Беларусь у канфлікт. Актыўны ўдзел Менску ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі і Аляксандра Лукашэнку. Гэтая магчымасць усё яшчэ адкрытая”».

«Нам вайна не патрэбная, таму мы павінныя быць да яе гатовыя і ментальна, і стратэгічна. Што тычыцца ўсведамлення сур’ёзнасці моманту. Адкінем усе ілюзіі наконт магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання глабальнага канфлікту. Не ў сілах зняць напружанне і міжнароднае права», – дадаў Лукашэнка.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў