Украіна ўвяла санкцыі супраць 332 расейцаў і аднаго беларуса


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 19 лютага зацвердзіў новыя санкцыі супраць 332 расейцаў, аднаго беларуса і Маскоўскай біржы. З беларускіх грамадзянаў пад новы пакет украінскіх санкцыяў трапіў былы прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Сяргей Румас.
Фота: government.by

Сяргей Румас ідзе ў спісе пад 166-м нумарам. У дачыненні яго ўводзяцца наступныя абмежавальныя захады:

  • блакаванне актываў – часовае пазбаўленне права карыстацца і распараджацца актывамі, якія належаць фізічнай або юрыдычнай асобе, а таксама актывамі, у дачыненні якіх такая асоба можа наўпрост або ўскосна распараджацца імі;
  • поўная забарона на ажыццяўленне гандлёвых аперацыяў;
  • абмежаванне, частковае або поўнае спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і праезду па тэрыторыі Украіны (поўнае спыненне);
  • забарона на вывад капіталаў за межы Украіны;
  • прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў;
  • ануляванне або спыненне дзеяння спецыяльных дазволаў на карыстанне нетрамі;
  • забарона на ўдзел у прыватызацыі, арэндзе дзяржмаёмасці рэзідэнтамі замежнай дзяржавы і асобамі, якія наўпрост або ўскосна кантралююцца рэзідэнтамі замежнай дзяржавы або дзеюць у іхных інтарэсах;
  • забарона або абмежаванне на заход замежных неваенных суднаў і ваенных караблёў у тэрытарыяльнае мора Украіны, яе ўнутраныя воды і парты, і паветраных суднаў – у паветраную прастору Украіны або ажыццяўленне пасадкі на тэрыторыі Украіны (поўная забарона);
  • забарона на перадачу тэхналогіяў, правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасці;
  • пазбаўленне дзяржаўных узнагародаў Украіны, іншых формаў адзначэння;
  • забарона на набыццё ва ўласнасць зямельных участкаў.

Тэрмін прымянення санкцыяў – 10 гадоў.

Сяргей Румас пайшоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Беларусі незадоўга да выбараў 2020 года. У 2021 годзе ён зрабіўся чальцом назіральнай рады расейскага банку.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў