У «Спіс экстрэмістаў» дадалі фігурантаў «справы БелаПАН» і грамадзяніна Латвіі


Міністэрства ўнутраных справаў 20 студзеня чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» – у яго дадалі 39 чалавек. Цяпер у ім 2350 асобаў.

Дзмітрый Наважылаў, Ірына Леўшына, Ірына Злобіна, Андрэй Аляксандраў падчас паседжання ў «Справе БелаПАН».
Фота: БелТА

У тым ліку ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі грамадзяніна Латвіі Дзмітрыйса Міхайлаўса, краязнаўца Ігара Хмару, а таксама фігурантаў «справы БелаПАН» Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну і Ірыну Леўшыну.

У «Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» ўключаюцца як беларусы, так і грамадзяне іншых дзяржаваў, асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці» пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі ў крымінальных справах. Асуджаныя паводле адміністратыўных артыкулаў не ўключаюцца ў гэты спіс.

У спіс трапляюць асуджаныя ў такіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, як арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках»), арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), арт. 341 («Апаганьванне маёмасці») і іншыя «пратэставыя артыкулы».

Пасля прысуду і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці тыс, хто трапіў у спіс, забараняецца:

  • займацца дзейнасцю, звязанай з абарачэннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў;
  • выбуховых рэчываў;
  • педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграмаў);
  • выдавецкай дзейнасцю;
  • займаць дзяржаўныя пасады;
  • праходзіць вайсковую службу.

МУС уключае ў «Спіс экстрэмістаў» і тых, хто цяпер у месцах няволі адбывае тэрмін, і тых, хто ўжо выйшаў на волю, і тых, у каго ўжо нават пагашаная судзімасць, паведамляюць праваабаронцы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў