У Крамлі зняпраўдзілі, што Пуцін будзе змушаць Лукашэнку да ўдзелу ў вайне супраць Украіны


Прэсавы сакратар кіраўніка Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў дурной і беспадстаўнай інфармацыю, што нібыта Уладзімір Пуцін у Менску будзе змушаць Аляксандра Лукашэнку ўзяць удзел у вайне супраць Украіны, піша ТАСС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, Расея. 22 лютага 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Дзмітрый Пяскоў адрэагаваў на інфармацыю, паводле якой нібыта падчас візіту ў Менск Уладзімір Пуцін мае намер прымусіць Аляксандра Лукашэнку ўзяць удзел у вайне супраць Украіны:

«Публікацыі, што Пуцін едзе ў Менск нібыта развязваць пытанне пра ўдзел Беларусі ў спецаперацыі ва Украіне, дурныя і беспадстаўныя».

Прэс-сакратар распавёў, што адным з пытанняў, якія Пуцін мае намер абмеркаваць з Лукашэнкам, стануць мэты і задачы саюзнай групоўкі РФ і Беларусі.

Пуцін 19 снежня наведвае Менск. Гэта першы візіт кіраўніка Крамля ў нашую краін з 2019 года.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў