Ілан Маск можа пакінуць Twitter. Ён зладзіў апытанне і паабяцаў падпарадкавацца большасці


У сваім акаўнце ў Twitter Ілан Маск распачаў галасаванне з пытаннем, ці мусіць ён вызваліць месца кіраўніка сацыяльнай сеткі. І паабяцаў, што падпарадкуецца меркаванню большасці. Пакуль 56 % – за ягоную адстаўку.

Кіраўнік Twitter Ілан Маск надумаў спытаць у карыстальнікаў сацыяльнай сеткі, ці мусіць ён пакінуць сваю пасаду. Ён зладзіў апытанне і паабяцаў падпарадкавацца меркаванню большасці. На гэты момант у галасаванні ўзялі ўдзел больш за 13 мільёнаў карыстальнікаў, 56 % выступаюць за адстаўку Маска.

Такім жа чынам Маск раней вызначаў лёс акаўнту колішняга прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Большасць прагаласавала за ўзнаўленне ягонай старонкі, і гэта было зроблена.

Ілан Маск на зорнай базе «SpaceX». Браўнзвіл, ЗША. 25 жніўня 2022 года.
Фота: Adrees Latif / Reuters / Forum

Ілан Маск узначаліў Twitter напрыканцы кастрычніка. Ён звольніў каля паловы работнікаў, тым, хто застаўся, прапанаваў працаваць звыштэрмінова і нават перабудаваў некалькі памяшканняў у штаб-кватэры ў гатэльныя нумары.

Адной з самых рэзанансных прапановаў Маска на пасадзе кіраўніка Twitter сталася платная пазнака верыфікацыі, што праўда, ад гэтай ідэі ён адмовіўся.

Апошні скандал – блакаванне акаўнтаў журналістаў «The New York Times», «The Washington Post», CNN і «Mashable». Нагодаю сталіся публікацыі пра перасоўванне асабістага самалёта Маска. Неўзабаве старонкі вярнулі ўладальнікам.

Hавiны
«Птушка вызваленая». Ілан Маск стаў уладальнікам сацсеткі Twitter
2022.10.28 12:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў