Змітру Дашкевічу прысудзілі яшчэ адзін год строгага рэжыму


Палітычнага вязня і былога лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча засудзілі яшчэ на адзін год строгага рэжыму, паведаміла жонка зняволенага Наста Дашкевіч. Зміцер павінен быў выйсці на волю яшчэ ў ліпені пасля 16 месяцаў зняволення.

Зміцер і Наста Дашкевічы.
Фота: Наста Дашкевіч / Facebook

«У тыдзень бацькоўскай любові, які адзначаецца ў краіне, мой муж, бацька чацвярых маленькіх дзетак, атрымаў 1 год строгага рэжыму. Самы максімум. За што фармальна па паперах? У рэальнасці, канечне, не гэта стала нагодай і прычынай. Але ў паперы паклалі: не выйшаў на прагулку, 1 раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасля начнога змагання з холадам. За гэта мой муж атрымаў 1 год строгага рэжыму.

Я як магла рыхтавалася да гэтага «года». Але калі справа ў судзе разбілася ўшчэнт – у сэрца заклалася надзея, што, можа, хаця б дадуць менш. Калі пракурор учора запрасіла год строгага – я маліла Бога, каб быў хаця б іншы рэжым. Але не. Год строгага рэжыму. 1 дзень ізалятару за 1 дзень турмы. Яшчэ адзін пакутлівы год па ШІЗА, карцарах і ізалятарах. Яшчэ адзін год жыцця з вырваным сэрцам», – напісала Наста Дашкевіч.

11 ліпеня сёлета Зміцер меў выйсці на волю пасля 1,5 года за кратамі, аднак супраць яго завялі новую крымінальную справу за «зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

Нагадаем: Змітра Дашкевіча разам з жонкаю Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022-га Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, Насце – 3 гады «хатняй хіміі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў