Праз забойства хлопчыка ў Слуцку на службовых асобаў завялі асобную справу


Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу аб бяздзейнасці службовых асобаў. Яе вылучылі ў асобнае вядзенне са справы аб забойстве трохгадовага Сямёна Таратуты бацькамі. Пра гэта паведаміла дзяржаўная абвінаваўца ў справе, перадае «Sputnik».

Абвінавачаныя Аляксандр і Настасся Таратуты ў судзе.
Фота: sb.by

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы Таццяны Гракун, крымінальная справа супраць службовых асобаў, у абавязкі якіх уваходзіла прафілактыка сямейнага няшчасця, вылучаная ў асобнае вядзенне і цяпер расследуецца Генеральнаю пракуратураю.

Пакуль не паведамляюць, хто фігуруе ў крымінальнай справе і якую ўжылі меру стрымання.

Падчас суда над бацькамі забітага хлопчыка высветлілася, што сям’я Таратутаў неаднойчы трапляла ў поле зроку міліцыі, медыкаў, педагогаў і сацыяльнай службы. Са шматлікімі траўмамі і знясіленнем 8-месячнага Сямёна прывозілі ў рэанімацыю: пасля прыблізна 20 удараў нагамі і рукамі. «У Сямёна была асаблівая рэакцыя на ўдары. Малы амаль ніколі не плакаў. Дзіця альбо коратка ўскрыквала, альбо проста потым маўчала. Сінякі ў яго амаль не праходзілі, асабліва на лобе», – апавядалі сведкі ў судзе.

У 2021 годзе са шматдзетнай сямʼі Таратутаў забіралі дзяцей, але пара здолела вярнуць іх дамоў. Суседзі звярталіся ў міліцыю і ў іншыя службы, каб паведаміць, што ў кватэры здзекуюцца з дзіцяці. Аднак на гарачай лініі параілі звярнуцца да псіхіятра. Паводле следства, бацькі рэгулярна збівалі трохгадовага сына, здзекаваліся з яго, прымушаючы галадаць, спаць голым на падлозе на кухні і апускаючы галавой у вядро з вадою.

Нагадаем, 19 кастрычніка суддзя прызнаў Аляксандра і Настассю Таратутаў вінаватымі ў забойстве трохгадовага сына. Маці прызначылі 25 гадоў калоніі – для жанчыны гэта найвышэйшая мера пакарання ў Беларусі, а бацьку – смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу.

Трагедыя здарылася ў студзені 2023 года ў Слуцку на месцы жыхарства абвінавачаных. Раней у Генеральнай пракуратуры паведамлялі, што бацькі ў прысутнасці трох іншых малагадовых дзяцей збілі трохгадовага сына з асабліваю жорсткасцю, ударыўшы дзіця не менш як 14 разоў. Калі хлопчык быў мёртвы, бацькі выклікалі хуткую дапамогу.

Hавiны
Шматдзетнага бацьку прысудзілі да смяротнага пакарання за забойства 3-гадовага сына
2023.10.19 11:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў