У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады


Юрый Гараўскі.
Фота: «DW». Калаж: «Вот Так»

У Швейцарыі перад судом паўстане адзін з чальцоў «эскадрону смерці», які арганізаваў у канцы 1990-х гадоў забойства апанентаў Аляксандра Лукашэнка. Судзіць яго будуць паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Нашы калегі з сайта «Вот так» разбіраліся, што гэта за суд і як на прыкладзе справы Гараўскага ён можа быць задзейнічаны ў правасуддзі над расейскімі ваеннымі злачынствамі ва Украіне.

У чым абвінавачваюць Гараўскага

Увесну і ўвосень 1999 года ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення вынікаў не дало, праз 20 гадоў яго зусім спынілі.

У адным з кантонаў Швейцарыі – Санкт-Галене – 19 верасня пачнецца суд над беларусам Юрыем Гараўскім, які меркавана ўдзельнічаў у выкраданні апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў канцы 1990-х. Судзіць Гараўскага будуць паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Асаблівасць такога суда вынікае з яго назвы – ён можа прыцягваць да адказнасці незалежна ад грамадзянства злачынцы і месца злачынства.

Знікненні людзей у Беларусі ў канцы 1990-х – найважнейшая старонка яе найноўшай гісторыі і адна з адпраўных кропак усталявання ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Упершыню суд можа зафіксаваць факт злачынстваў, нягледзячы на тое, што яны адбыліся 24 гады таму – да гэтага былі толькі даклады ПАРЕ і пастановы Камітэта па правах чалавека ААН.

Паводле швейцарскага заканадаўства, калі Гараўскага прызнаюць вінаватым, яму пагражае ад аднаго года да 20 гадоў пазбаўлення волі. Сам ён разлічвае на ўмоўны тэрмін, бо прызнаўся ў выкраданнях і віны не адмаўляе. Прысуд могуць агучыць ужо 20 верасня.

Што вядома пра знікненне апазіцыянераў

Захаранка і Ганчар уваходзілі ў каманду Лукашэнкі і дапамаглі яму прыйсці да ўлады ў 1994 годзе, але даволі хутка сышлі ў апазіцыю праз палітыку новаабранага прэзідэнта, якая не адпавядала іх перакананням. Бізнесовец Красоўскі фінансава дапамагаў апазіцыі.

Прыхільнікі беларускай апазіцыі з партрэтамі зніклага без вестак былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі падчас акцыі пратэсту ў Менску. Беларусь, 7 мая 2004 года.
Фота: Віктар Драчоў / AFP / East News

У 1995–1996 годзе ў Беларусі адбываліся падзеі, падобныя на канстытуцыйны крызіс 1992–1993 гадоў у Расеі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка дамагаўся пашырэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і ў 1996 годзе вынес гэтае пытанне на рэферэндум. Вярхоўны Савет быў супраць. Скончылася ўсё, як і ў Расеі, разгонам Вярхоўнага Савета.

Захаранка, Ганчар, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка публічна крытыкавалі Лукашэнку за перавышэнне паўнамоцтваў і дамагаліся ягонай адстаўкі. Карпенка памёр у красавіку 1999 года пры не да канца высветленых абставінах, а праз месяц пасля гэтага пачаўся шэраг загадкавых знікненняў іншых апазіцыянераў.

У 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдыс, вывучыўшы абставіны знікнення апанентаў Лукашэнкі, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы СОБРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць і родныя зніклых, але даказаць яе пакуль не ўдалося.

З моманту меркаванай расправы над апазіцыянерамі ПАРЕ атрымала некалькі зваротаў з просьбай звярнуць увагу на гэтыя інцыдэнты і Камітэт па прававых пытаннях і правах чалавека Арганізацыі вырашыў правесці расследаванне. «І прызначылі мяне», – распавядае Хрыстас Пургурыдыс пра тое, як пачалося расследаванне. Паводле яго, для падрыхтоўкі дакладу ён ездзіў у Беларусь тройчы – кожны раз на некалькі дзён – і ўзяў шэраг інтэрв’ю ў беларускіх чыноўнікаў і магчымых сведак, а пазней у беларусаў, якія зʼехалі з краіны. Калі Пургурыдыс працаваў у Беларусі, паводле яго, улады, хоць і ішлі на супрацоўніцтва, але было заўважна – яны спрабуюць «нешта схаваць».

«Інфармацыя, якую мы атрымалі, усё роўна дазваляла зрабіць выснову, што людзі зніклі ў выніку злачынных дзеянняў [СОБРа] і, што магчыма, яны былі забітыя», – кажа Пургурыдыс.

Доўгі час навін па справе аб зніклых беларускіх апазіцыянерах практычна не было. Пакуль у 2019 годзе ў інтэрвʼю DW экс-баец таго самага беларускага СОБРа Юрый Гараўскі не заявіў, што быў адным з тых, хто больш за 20 гадоў таму выкраў і забіў Захаранку, Ганчара і Красоўскага. Пургурыдыс кажа, што ў 2019 годзе ён пачуў імя Гараўскага ўпершыню. Падчас расследавання яму не ўдалося даведацца імёны чальцоў атрада, як мяркуецца, замешаных у выкраданні і забойстве беларусаў, акрамя камандзіра Дзмітрыя Паўлічэнкі. У 2004 годзе Пургурыдыс даведаўся, што атрад складаўся з пяці ці шасці чалавек.

Прыхільнікі беларускай апазіцыі з партрэтамі зніклага без вестак палітыка Віктара Ганчара падчас мітынгу ў цэнтры Менска, 16 верасня 2004 года.
Фота: Reuters / Forum / East News

Захаранка знік 7 траўня. Увечары ён прыпаркаваў сваю машыну на стаянцы непадалёк ад дома і бясследна знік. Вось што распавёў Гараўскі: «Мы пасадзілі яго ў машыну на задняе сядзенне. Ён толькі сказаў: «Зрабіце так, каб не было балюча». Пасля гэтага, паводле Гараўскага, былога міністра адвезлі ў Валоўшчыну на вучэбную базу ўнутраных войскаў і застрэлілі. «Калі Захаранку з машыны выставілі – паклалі на зямлю, Паўлічэнка мне махае, тыпу, давай пісталет. <…> Паўлічэнка два разы стрэліў Захаранку ў раён сэрца», – распавёў былы баец СОБРа. Потым цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі Паўночных могілак Менска.

Ганчар і Красоўскі зніклі 16 верасня. У дзень, калі іх выкралі, яны разам былі ў лазні. Паводле Гараўскага, іх адвезлі на закансерваваную вайсковую базу побач з Бягомлем. Там і застрэлілі, распавёў Гараўскі: «Я даю яму пісталет. І Паўлічэнка робіць два стрэлы ў вобласць сэрца Ганчару і два стрэлы ў вобласць сэрца Красоўскаму. Пасля першага стрэлу Ганчар ускрыкнуў, таму што, мабыць, куля не ў сэрца трапіла, а дзесьці побач прайшла. Ну а другі стрэл яго ўжо прыгаварыў». Пасля, сцвярджае Гараўскі, іх целы скінулі ў яму, а рэчы спалілі.

Парэшткі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага так і не былі знойдзеныя. Апавяданне Гараўскага «ў асноўных рэчах пацвярджае тое, што мы даведаліся [у 2004 годзе]», адзначае былы спецдакладчык ПАРЕ.

Як паўстала справа

У 2019 годзе пасля выхаду інтэрв’ю Гараўскага на яго звярнула ўвагу Беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна». Яна звязалася з «International Federation for Human Rights» («FIDH») – гэта міжнародная арганізацыя, якая абʼядноўвае адразу некалькі праваабарончых цэнтраў, у тым ліку «Вясну».

Праваабаронцы прапанавалі падумаць пра тое, каб прыцягнуць Гараўскага да адказнасці паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, успамінае кіраўнік аддзела Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «FIDH» Ілля Нузаў. Праблема была ў тым, каб вызначыць месцазнаходжанне Гараўскага.

Праблема была ў тым, каб усталяваць месцазнаходжанне падазраванага, успамінае кіраўнік аддзела Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «FIDH» Ілля Нузаў.

З інтэрвʼю «DW» стала зразумела, што Гараўскі жыве ў адной з альпійскіх краін. А паказаныя на здымках пейзажы нагадвалі швейцарскія, распавёў Бенуа Мейстра, юрыдычны кансультант «TRIAL International», іншай праваабарончай арганізацыі, якая ўдзельнічае ў справе. Да справы Гараўскага «TRIAL International» прыцягнула «FIDH». Таму што, па-першае, арганізацыя знаходзіцца ў Швейцарыі і магла дапамагчы з ягонымі пошукамі, а па-другое, яе спецыялізацыя – расследаванні міжнародных злачынстваў і давядзенне іх да суду. Па словах Мейстра, цяпер у свеце налічваецца 15–20 расследаванняў, распачатых у тым ліку дзякуючы намаганням «TRIAL International».

Супрацоўнікі «TRIAL International» даволі хутка знайшлі Гараўскага ў Швейцарыі. Далей заставалася падаць пазоў. Праваабарончая арганізацыя, як правіла, не можа быць зацікаўленым бокам, аднак у яе ёсць магчымасць падаць заяву і запусціць працэдуру афіцыйнага расследавання справы. Таму, кажа, Мейстра заўсёды важна прыцягваць да справы ахвяр.

У выпадку з Гараўскім было пададзена некалькі пазоваў: ад праваабаронцаў «TRIAL International», «FIDH» і «Вясны», а таксама ад семʼяў ахвяр – Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай, дачок зніклых экс-кіраўніка МУС і бізнесоўца, тлумачыць Ілля Нузаў. Паводле Мейстра, яны падалі пазоў у 2021 годзе, а ўжо ў 2022 годзе была распачатая справа. Для спраў, якія разглядаюцца паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, гэта вельмі хутка, кажа ён. Расследаванні могуць займаць і 10 гадоў. Аднак у выпадку з Гараўскім ён сам прызнаўся ў злачынствах і не адмаўляў віны.

Артыкул, прысвечаны зніклым палітыкам, у газеце «Свабода», 2001 год.

«Чым ён (працэс. – Рэд. «Белсата») можа скончыцца, я не ведаю, — заявіў незадоўга да суда сам Гараўскі. – Хутчэй за ўсё, умоўным тэрмінам. Як мне сказаў пракурор, дэпартацыі сто адсоткаў не будзе. Я пацвярджаю, што быў саўдзельнікам злачынства, але паколькі я першым прызнаўся, разлічваю таксама на статус сведкі. Але ўсё залежыць ад рашэння суддзі».

Значэнне справы

Справа Гараўскага – унікальны прэцэдэнт. Сам па сабе прынцып універсальнай юрысдыкцыі ўжываецца вельмі рэдка. Гэты механізм крымінальнага права быў прадугледжаны ў 1949 годзе чатырма Жэнеўскімі канвенцыямі для пераследу за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў. Зараз у свеце ёсць усяго некалькі дзясяткаў спраў, якія разглядаюцца судом універсальнай юрысдыкцыі.

Юрый Гараўскі.
Фота: DW

Адзін з самых першых і вядомых прыкладаў працы такога суда – працэс над «архітэктарам Халакоста» Адольфам Эйхманам. У 1960 годзе ў Аргенціне яго выкралі ізраільскія спецслужбы, прывезлі ў Ізраіль і судзілі па ізраільскіх законах, у той час як ні Эйхман, ні яго ахвяры не былі грамадзянамі гэтай краіны. У 1962 годзе Эйхмана павесілі, а цела крэміравалі.

Справа Гараўскага ўнікальная таму, што гэта першы працэс, дзе падсудны – беларускі грамадзянін, які абвінавачваецца ў міжнародных злачынствах, і наогул гэта першая справа з ужываннем універсальнай юрысдыкцыі па факце гвалтоўных знікненняў.

Прыклад справы Гараўскага актуальны і для Расеі. Зараз у свеце ўжо некалькі краін, у тым ліку Нямеччына, Іспанія і Швецыя, вядуць расследаванне злачынстваў расейскай арміі ва Украіне менавіта па гэтым прынцыпе. А гэта значыць, што ў будучыні суды ўніверсальнай юрысдыкцыі могуць стаць важнай часткай «экасістэмы міжнароднага правасуддзя» па злачынствах ва Украіне, адзначае Ілля Нузаў.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) 17 сакавіка гэтага года выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай прэзідэнта Расеі па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх абвінавацілі ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Тым не менш спецыфіка МКС такая, што ён не можа адкрыць дзясяткі крымінальных спраў супраць іншых падазраваных у злачынствах ва Украіне.

Узнікненне міжнароднага трыбунала па злачынствах Расеі ва Украіне пакуль выглядае малаверагодным. Стварэнне такога органа мог бы ўхваліць Савет бяспекі ААН, але без згоды Расеі гэта немагчыма, бо ў яе ёсць права вета. Тым не менш у міжнароднай супольнасці ёсць выхад, адзначала Расейская служба Бі-бі-сі. Меркаваны трыбунал можна стварыць з дапамогай шматбаковай дамовы паміж дзяржавамі, як у выпадку з МКС.

Альбо трыбунал можна стварыць у юрысдыкцыі Украіны як пацярпелага боку, а яна зможа заключыць дамовы з міжнароднымі арганізацыямі.

Украінскія ўлады заяўляюць, што яны задакументавалі ўжо больш за 80 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі. «Але нацыянальныя суды змогуць разгледзець дзясяткі, сотні, максімум некалькі тысяч спраў цягам 5–10 гадоў. Але гэтага ўсё роўна мала. Суды ўжо вельмі перагружаныя. Уяўляеце, што такое некалькі дзясяткаў тысяч крымінальных спраў?» – кажа Нузаў і дадае, што знізіць гэтую нагрузку маглі б менавіта суды ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Аляксандр Архіпаў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў