Для Юрыя Гараўскага запыталі 3 гады турмы


У Швейцарыі 19 верасня распачаўся суд над былым байцом СОБРу  датычным да справы са знікненнем і забойствам вядомых палітыкаў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў. Абвінавачанага Юрыя Гараўскага судзяць паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Пракуратура запытала для яго 3 гады пазбаўлення волі, паведамляе Філіп Грант, выканаўчы дырэктар арганізацыі «TRIAL International», які прысутнічае на судзе.

Юрый Гараўскі.
Фота: «Deutsche Welle»

Беларус Юрый Гараўскі абвінавачваецца ў датычнасці да шматлікіх знікненняў людзей. Так, у 1999 годзе ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іхнага знікнення вынікаў не дало, праз дваццаць гадоў яго зусім спынілі.

«Суд над Юрыем Гараўскім у Швейцарыі – заключныя спрэчкі. Нават калі суд сутыкнуўся з некаторымі супярэчнасцямі ў паказаннях Юрыя Гараўскага, абвінавачанне просіць прызнаць абвінавачанага вінаватым у «шматразовых знікненнях» і прысудзіць да 3 гадоў пазбаўлення волі. З іх адзін год павінен быць выкананы без усялякіх умоваў, астатнія два гады павінны быць адкладзеныя з выпрабавальным тэрмінам чатыры гады», – напісаў Філіп Грант.

На думку абвінавачання, загад аб выкраданні і забойстве трох членаў апазіцыі быў відавочна зроблены на самым высокім узроўні кіраўніцтва беларускай дзяржавы і пасля схаваны. «Сем’і загінулых афіцыйна заявілі аб знікненні сваякоў, але сустрэліся з замкнёнымі дзвярыма», – дадаў пракурор. Расследаванне было распачатае, але ў выніку закрытае.

Судзяць Гараўскага паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Асаблівасць такога суда вынікае з яго назвы – ён можа прыцягваць да адказнасці незалежна ад грамадзянства злачынцы і месца злачынства.

Пры дачы паказанняў Юрый Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка ЦВК і віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе. «Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага Паўлічэнка падышоў і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў», – распавёў Гараўскі аб забойстве Ганчара і Красоўскага. Паводле яго, ён зразумеў, што Захаранку збіраюцца забіць, толькі калі Паўлічэнка ў яго стрэліў.

Падчас паседжання Юрый Гараўскі звярнуўся да пацярпелых: на судзе ў Швейцарыі прысутнічаюць дзеці двух зніклых без вестак.

«Я шчыра спадзяюся, што сваякі прымуць мае прабачэнні. Я глыбока шкадую аб той ролі, якую я адыграў у гібелі гэтых людзей», – сказаў Гараўскі.

Паводле швейцарскага заканадаўства яму пагражае ад 1 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Сам ён разлічвае на ўмоўны тэрмін, бо прызнаўся ў выкраданнях і віны не адмаўляе. Прысуд могуць агучыць ужо 20 верасня.

Гісторыі
У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады
2023.09.19 14:35

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў