Аляксандр Класкоўскі: Суд над Гараўскім – сведчанне непазбежнасці пакарання Лукашэнкі


Сёння, 19 верасня, у Швейцарыі пачынаецца суд над былым байцом СОБРу і чальцом «эскадронаў смерці» Юрыем Гараўскім. Гэтыя эскадроны былі датычныя да знікнення палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі пры канцы 1990-х. Суд над ім будзе праходзіць паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Значэнне гэтага суда для Беларусі і беларусаў мы папрасілі пракаментаваць палітычнага аглядальніка праекту «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.

Юрый Гараўскі.
Фота: «Deutsche Welle»

Адным з галоўных вынікаў гэтага суда Аляксандр Класкоўскі назваў тое, што будзе «практычна прадэманстравана, што працуюць механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі». Бо, на думку палітычнага аглядальніка, праціўнікі Лукашэнкі шмат пра іх гавораць, «але звычайнаму чалавеку не вельмі зразумела, што гэта такое, – і цяпер будзе наглядная ілюстрацыя».

Яшчэ адным важным момантам, лічыць Аляксандр Класкоўскі, будзе тое, што працэс можа праліць святло на дадатковыя дэталі гучных знікненняў апанентаў Лукашэнкі напрыканцы 1990-х гадоў. Праўда, дадае наш суразмоўца, «збольшага тут ужо вядома ўсё, бо быў даклад дэпутата Пургурыдыса (дэпутат Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдыс у 2004 годзе выступіў з дакладам аб зніклых беларускіх палітыках, заснаваным на ўласным расследаванні. – Заўв. «Белсат»), ёсць шмат іншых сведчанняў».

«Але гэта ўсё дадатковыя каменьчыкі, якія будуць ляцець у агарод Лукашэнкі, і гэта будзе абцяжарваць магчымае абвінавачанне», – адзначыў Класкоўскі.

І нарэшце, лічыць палітычны аглядальнік, працэс над Гараўскім мае сімвалічнае значэнне.

«Шмат і даўно кажуць, што трэба пакараць Лукашэнку, а тут будзе рэалізацыя вось гэтага прынцыпу. Гэта, канечне, не азначае, што заўтра пацягнуць Лукашэнку ў Гаагу, ён пакуль моцны, ён абапіраецца на Расею. Але факт тое, што працэс над Гараўскім сімвалізуе, што пакаранне і гістарычная адказнасць усё адно рана ці позна прыходзяць», – адзначыў наш суразмоўца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў