Палітзняволенага музыку і паэта Мікіту Найдзёнава пачынаюць судзіць 19 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну Менску. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Працэс над 33-гадовым музыкам будзе весці суддзя Марына Клімчук.
Палітвязня Мікіту Найдзёнава затрымалі 25 сакавіка гэтага года. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Сёлета ў ліпені ён быў пераведзены з Следчай турмы № 8 у СІЗА-1.
Мікіта Найдзёнаў – беларускі паэт і музыка, былы фронтмен гурта «Hurma», а таксама аўтар шэрагу песень для розных артыстаў. У 2015 стаў уладальнікам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».
Алена Рувіна belsat.eu