У Менску хочуць зліквідаваць два ліцэі


У Менску збіраюцца закрыць два ліцэі: № 1 у Маскоўскім раёне і № 2 – у Ленінскім. Паведамленне старшыня камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Андрэй Стрыгельскі перадае «Минск-Новости».

Ліцэй № 1 у Маскоўскім раёне. Крыніца: Яндекс Карты / yandex.by

Андрэй Стрыгельскі заявіў, што рашэнне прымалася загадзя.

«У мінулым годзе ліцэі не ажыццяўлялі набор дзяцей у 10-я класы, у гэтым – паспяхова выпусцілі апошнія 11-я класы. І фактычна ліцэі ліквідуюцца. Менск – кампактны горад. Сёння створаны ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях. У нас сапраўды вялікая сетка профільных класаў. І сёння няма неабходнасці ў такім выглядзе ўстановы, як агульнаадукацыйны ліцэй», – сказаў ён.

Вызваленыя будынкі ліцэяў захаваюцца ў сістэме адукацыі. Гэтак, будынак ліцэю № 1 перадаецца найбліжэйшай сярэдняй школе, а на месцы былога ліцэю № 2 з верасня будзе функцыянаваць корпус Менскага гарадскога педагагічнага каледжу.

«Гэта дазволіць нам вырашыць задачу для павелічэння набору навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці. Зможам папаўняць кадравыя рэсурсы настаўнікамі пачатковай школы, выхавацелямі дашкольнай адукацыі. Сёння ёсць у іх патрэба», – сказаў Стрыгельскі.

Ліцэй № 2 у Ленінскім раёне. Крыніца: Яндекс Карты / yandex.by

У снежні 2021 года ўжо з’яўлялася інфармацыя, што абодва ліцэі хочуць зачыніць. Тады бацькам навучэнцаў спачатку неафіцыйна тлумачылі, што ліцэі закрыюць, а пасля ў Ліцый №2 прыехалі прадстаўнікі Менгарвыканкаму і раённай адміністрацыі і пацвердзілі, што ліцэі закрываюць.

Пасля гэтага бацькі вучняў пачалі збор подпісаў за тое, каб ліцэі не зачынялі. Праз нейкі час Міністэрства адукацыі заявіла аб тым, што чуткі пра закрыццё ліцэяў «фэйкавыя».

Пазней у лісце ад 28 снежня прадстаўніца Менгарвыканкаму патлумачыла, што «запланаваны паэтапны вывад ліцэяў з сеткі ўстановаў адукацыі гораду»: у 2022 годзе не будзе набору ў 10-я класы, у 2023 годзе ўстановы «аптымізуюць», спыніўшы ў іх навучанне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў