У Японіі пачаўся саміт G7. Магчымы ўдзел Уладзіміра Зяленскага


У японскай Хірасіме пачаўся саміт «Вялікай сямёркі». Лідары найбуйнейшых краінаў свету і Еўразвязу ўсклалі вянкі да мемарыялу ахвяраў атамнага бамбавання, здзейсненага ЗША ў 1945 годзе. Пра гэта паведамляе «Kyodo News». Чакаецца, што ў саміце можа ўзяць удзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Лідары G7 пасля ўскладання вянкоў у Мемарыяльным парку міру. Хірасіма, Японія. 19 траўня 2023 года.
Фота: Stefan Rousseau / PA Images / Forum

19 траўня пачаліся сустрэчы лідараў дзяржаваў «Вялікай сямёркі» (G7). Стартам трохдзённых перамоваў і абмеркаванняў глабальных палітычных пытанняў стаў візіт у мемарыял Хірасімы, пабудаваны на ўспамін пра ахвяраў атамнага бамбавання гораду ў жніўні 1945 года вайсковай авіяцыяй ЗША.

Тэма настолькі адчувальная, што пасля заканчэння II сусветнай вайны Джо Байдэн стаў толькі другім дзейсным прэзідэнтам ЗША, які наведаў гэты мемарыял. Першым быў Барак Абама. У той жа час прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак і прэмʼер-міністр Канады Жустэн Трудо сталі першымі дзейснымі лідарамі сваіх краінаў, якія здзейснілі візіты ў Хірасіму. Напярэдадні візіту было падкрэслена, што Джо Байдэн не будзе прасіць прабачэння ад імя ЗША за атамнае бамбаванне японскіх гарадоў у жніўні 1945 года, якое, як лічаць у Амерыцы, паскорыла заканчэнне вайны.

Лідары «Вялікай сямёркі» разам наведалі музей Хірасімы і ўсклалі вянкі да помніку ахвярам атамнага бамбавання. Хірасіма і Нагасакі – гарады Японіі, на якія вайсковая авіяцыя ЗША 6 і 9 жніўня 1945 года скінула дзве атамныя бомбы, у выніку чаго загінулі каля 210 тысячаў чалавек. 15 жніўня 1945 года Японія капітулявала.

Цырымонію можна паглядзець на відэа.

Старшыня гэтага саміту G7, прэмʼер-міністр Японіі Фуміё Кісіда, зрабіў ядравае раззбраенне галоўнаю тэмаю сустрэчаў – на фоне ядравага шантажу Расеі і нарошчвання ядравага патэнцыялу Кітаю. Таксама заяўлена абмеркаванне новых захадаў у дачыненні Расеі, якая працягвае ваенную агрэсію супраць Украіны. З гэтай нагоды будзе зроблена асобная заява. Як паведамляе «Kyodo News» са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўрадзе Японіі, чакаецца, што ў саміце можа ўзяць удзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён можа далучыцца да лідараў G7 на трэці дзень іх працы ў Японіі, у нядзелю, 21 траўня.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў