Палата прадстаўнікоў сама сабе абрэзала паўнамоцтвы


Змены ў закон «Аб нарматыўна-праўных актах» прынялі ў Беларусі 7 красавіка. Супольнасць «Честные люди» звярнула ўвагу на тое, што Палата прадстаўнікоў сама ўхваліла закон, які істотна скараціў ейныя паўнамоцтвы.

Паседжанне Палаты прадстаўнікоў
Паседжанне Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 7 красавіка 2023 года.
Фота: housegovby / Telegram

Палата прадстаўнікоў, згодна ўхваленаму ёй закону, саступае частку паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу.

Гэты сход зараз зможа вырашаць, ці выпраўляць беларускіх вайскоўцаў на вайну і ці ўводзіць у Беларусі ваеннае становішча, з якімі краінамі сябраваць і не сябраваць, мяняць Канстытуцыю з удзелам Палаты прадстаўнікоў, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага суду і чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі, прапаноўваць рэферэндумы, прызнаваць выбары легітымнымі ці нелегітымнымі, прымаць рашэнне аб зняцці прэзідэнта з пасады…

На самой справе, пашырэнне паўнамоцтваў Усебеларускага сходу было прынятае па выніках рэферэндуму 2022 года, і рашэнне рэферэндуму мела абавязковую сілу. Ды той самы рэферэндум унёс у Канстытуцыю Беларусі забарону на ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі супраць іншых дзяржаваў, а праводзіўся ён якраз у час, калі Расея ўжо распачала поўнамаштабную вайну ва Украіне і вяла наступ з тэрыторыі Беларусі. Па прыняцці зменаў у Канстытуцыю расейская ваенная агрэсія і саўдзел Беларусі ў ёй не спыніліся.

Хоць Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект, распрацаваў яго Савет Міністраў. Гэта даволі звычайны выпадак: абсалютную большасць законапраектаў уносіць дэпутатам урад, а сама Палата прадстаўнікоў за час дзейнага склікання была «суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы» толькі ў 3 % выпадкаў.

«Падрыхтоўка да транзіту? Дэмакратызацыя? – іранізуюць «Честные люди». – Непадрыхтаваны глядач можа падумаць, што змены могуць абярнуцца нечым добрым, як мінімум – нічым кепскім. Але ў гэтым і ёсць хітрык такіх законаў: паказаць паслабленне дыктатуры, перадачу ўлады, а дэталі змаўчаць».

Выбары ва Усебеларускі сход праводзяцца без удзелу простых выбарнікаў: частку дэлегатаў прызначаюць абласныя саветы дэпутатаў, частку – арганізацыі, якія ўлады залічаць у «грамадзянскую супольнасць», частку – выканаўчая ўлада. Калі такія выбары будуць праводзіць, невядома.

Тэст
Калі Лукашэнкі не стане, што далей? Правер, ці ведаеш палітычную сістэму Беларусі
2023.05.14 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў