Украінская выведка: падчас пратэстаў 2020 года Расея рыхтавала ўварванне ў Беларусь


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што Расея рыхтавала вайсковае ўварванне ў Беларусь, каб здушыць народныя пратэсты ў 2020 годзе. Паводле дакументу, што публікуе ўкраінскі бок, у аперацыі планавалася задзейнічаць 1-ю танкавую армію.

«Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі УС РФ распрацавалі план уварвання і здушэння народных пратэстаў. Акупацыя Беларусі планавалася пад падставай ухілення ад уцягвання Расеі «ў еўрапейскім кантынентальным рэгіёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі NATO на Захадзе», – сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Паведамляецца, што выведка Украіны здабыла дакумент, які сведчыць пра рыхтаванне 1-й танкавай арміі Расеі да ўварвання ў Беларусь. Дакумент называецца «Легенда да задумы на перагрупоўку злучэнняў і вайсковых частак 1-й танкавай арміі ў раён выканання задачы».

Нагадаем, у сярэдзіне жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным наконт расейскай вайсковай дапамогі ва ўмовах масавых пратэстаў.

27 жніўня ў інтэрвʼю тэлеканалу «Россия» Пуцін паведаміў, што Лукашэнка сапраўды звярнуўся да яго па сілавое падтрыманне: «Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю».

14 верасня, пасля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна, у Крамлі заявілі, што рэзерв расейскіх сілавікоў, створаны на мяжы з Беларуссю, адправяць у месцы сталай дыслакацыі. Якія аддзелы былі задзейнічаныя ў гэтым «рэзерве», ніколі не паведамлялася.

РР belsat.eu

Стужка навінаў