Малдова і Эстонія высылаюць працаўнікоў расейскіх амбасадаў


Улады Малдовы абвясцілі персонай нон грата прадстаўніка амбасады Расеі ў Кішынэве. Гэта было адказам на адкрыццё ў Прыднястроўі дадатковых выбарчых участкаў на прэзідэнцкіх выбарах у РФ, згоды на якія малдаўскія ўлады не давалі. Аналагічныя дзеянні зрабілі і ў МЗС Эстоніі.

МЗС Малдовы.
Фота: Ministerul Afacerilor Externe al Republicii Moldova / Facebook

Амбасадар Расеі Алег Васняцоў 19 сакавіка быў выкліканы ў МЗС Малдовы, дзе яму выставілі пратэст за арганізацыю выбараў прэзідэнта РФ на тэрыторыі Прыднястроўскага рэгіёну Малдовы, што «супярэчыць пазіцыі малдаўскіх уладаў».

Згодна з нотай пратэсту, уручанай дыпламату, працаўнік расейскай амбасады абвешчаны персонай нон грата на тэрыторыі Малдовы і павінен пакінуць краіну.

Улады Малдовы дазволілі адкрыццё толькі аднаго выбарчага ўчастку на сваёй тэрыторыі. Аднак без іх згоды былі адкрытыя яшчэ шэсць участкаў у самаабвешчанай «Прыднястроўскай Рэспубліцы».

Апрача таго, 19 сакавіка МЗС Эстоніі выклікала паверанага ў справах амбасады Расеі і ўручыла яму дыпламатычную ноту, у якой гаворыцца, што працаўнік амбасады абвешчаны персонай нон грата. Гэта было адказам на «гібрыдныя аперацыі, якія каардынуюцца расейскімі спецслужбамі супраць бяспекі Эстонскай Рэспублікі».

«Амбасада Расеі сваёй дзейнасцю незаконна ўмяшалася ва ўнутраныя справы Эстоніі, дакладней у судовы працэс, калі яна набыла дакументы крымінальнай справы і спрыяла іх публікацыі ў расейскіх сацыяльных сетках», – патлумачылі эстонскія дыпламаты.

ВІДЭА
У Кішынэве мужчына кінуў гаручыя емістасці ў амбасаду РФ. Ён нязгодны з палітыкай Крамля
2024.03.17 13:25

Адзначым, што 17 сакавіка, у дзень расейскіх выбараў, у Кішынэве мужчына кінуў ёмістасці з запальнаю сумессю на тэрыторыю амбасады РФ. Ён быў затрыманы. 

У сталіцы ж Прыднястроўя дронам быў падарваны гелікоптар. МЗС самаабвешчанай рэспублікі назваў гэта тэрактам. А малдаўскае Бюро рэінтэграцыі заявіла, што збіты гелікоптар не лятаў гадамі і што ўдар быў накіраваны на распаўсюджванне страху і панікі ў Прыднястроўі ды быў часткаю варожай інфармацыйнай аперацыі супраць Малдовы.

Аналітыка
Рыхтуйцеся, пакуль яшчэ ёсць час. Што перамога Пуціна значыць для Расеі, суседзяў і Еўропы
2024.03.18 19:14

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў