У Маладзечанскі раён плануюць звазіць адкіды каналізацыі з Менску. Мясцовыя жыхары супраць


Выданне Kraj.by паведамляе, што побач з вёскамі Краснае і Івонцавічы Маладзечанскага раёну, на месцы былога пясковага кар’еру, запланавана пабудаваць назапашвальнік «адкідаў гаспадарча-фекальных сцёкавых водаў», якія будуць прывозіць са сталіцы. Мясцовыя жыхары збіраюць подпісы супраць стварэння сховішча.

Заказчык будаўніцтва – УП «Менскводаканал». Прыкладная плошча складзе 17 гектараў, пачатак рэалізацыі праекту – 2024 год. Калі сховішча пабудуюць, то пад Краснае з Менску штодзень стануць дастаўляць і выгружаць каля 50 самазвалаў каналізацыйных адкідаў.

Інжынерка «Менсквадаканалу» Святлана Верамейка патлумачыла Kraj.by, што месца пад Маладзечна абрана таму, што былы карʼер, дзе будзе размешчаная сажалка, аточаны лесам, які перашкодзіць ветру разносіць непрыемныя пахі. Яна сцвярджае, што выкананыя ўсе нарматывы што да зоны распаўсюджвання гэтых пахаў, экалагічныя нормы не парушаюцца.

Аднак мясцовыя жыхары гэтаму не вераць і збіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча.

Стараста Івонцавічаў Людміла расказвае, што ў вёсцы на 66 дамоў за два дні сабралі больш за 60 подпісаў. «Спіс ляжыць у краме. Падпісваюцца ўсе, хто туды прыходзіць», – адзначыла яна.

Са словаў старасты Відзеўшчыны Наталлі, у яе вёсцы каля 400 жыхароў. Пад вечар 16 сакавіка планавалася сабраць больш за 300 подпісаў і на наступны дзень перадаць іх у сельсавет.

Подпісы таксама збіраюць у вёсцы Краснае і паселішчы Чысць.

«Мая сямʼя жыве на ўскраіне Краснага, – кажа мясцовая жыхарка Лідзія. – Наша хата прыкладна за два кіламетры ад месца запланаванага будаўніцтва сховішча адкідаў. У нас з мужам трое дзяцей. Сынам 7, 9 і 14 гадоў. Вядома, нам не абыякава, чым мы будзем дыхаць і якую ваду піць. Прычым аб планах абсталяваць тут каналізацыйнае сметнішча нас ніхто толкам не апавясціў. Даведаліся пра гэта ў інтэрнэце з чатаў Чысці і Краснага».

«Калі сховішча будзе пабудаванае, нам застанецца толькі прадаць хату і зʼехаць адсюль, – заявіў журналістам муж Лідзіі Андрэй.

– У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяроддзе гаворыцца, што найбліжэйшая водазаборная свідравіна размяшчаецца больш за два кіламетры ад будучай сажалкі, але гэта не так. Па мапе можна вызначыць, што найбліжэйшыя водазаборы садовых таварыстваў размешчаныя на адлегласці каля 800 метраў. Жыхары Чысці нават склалі дакумент, які даказвае, што даследаванні праведзеныя некарэктна».

Аб’ектыў
Грошы ў трубу: як у Маладзечне жывуць без каналізацыі?
2023.02.22 21:50

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў