Украіна павялічыла мінныя палі на мяжы з Беларуссю


Камандуючы аб’яднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў паведаміў аб узроўні ваеннай пагрозы на поўначы Украіны. Ён заявіў, што войскі працягваюць умацоўваць украінска-беларускую мяжу, павялічыўшы колькасць мінна-выбухных загарод у дзясяткі разоў.

Сяргей Наеў.
Фота: Мінабароны Украіны

«Мы ацэньваем узровень ваеннай пагрозы з улікам сіл, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Нам удалося значна ўмацаваць паўночную мяжу. Мы стварылі сістэму інжынерных загарод, у прыватнасці мінна-выбухных, у дзясяткі разоў павялічыўшы іх насычанасць уздоўж дзяржаўнай мяжы. Сфармавалі сістэму абарончых рубяжоў і пазіцый», – кажа Сяргей Наеў.

Ён таксама заявіў, што расейскіх вайсковых сілаў, які зараз знаходзяцца ў Беларусі, недастаткова для сухапутнага наступлення ў цяперашні час, але тое, што можа адбыцца ў будучыні, залежыць ад намераў суперніка.

Раней камандуючы групоўкай Сіл і сродкаў абароны Кіева Аляксандр Паўлюк заяўляў, што ўся мяжа Украіны з Беларуссю ўяўляе сабой завалы і мінныя палі.

«Мы ўвесь час адсочваем рух рускай арміі з палігонаў. Мяркую, у нас будзе час папярэдзіць насельніцтва аб магчымым развіцці падзей. Таксама мы стварылі групоўку на мяжы з Беларуссю, якая гатова годна сустрэць ворага. Кіеўшчына падрыхтавалася да магчымага наступу. Вакол Кіева існуе некалькі межаў абароны агульнай працягласцю каля тысячы кіламетраў. Там на аснове прафесійных пазіцый доўгатэрміновых збудаванняў створана магутная сістэма абароны. Уся мяжа з Беларуссю – гэта суцэльныя завалы, мінныя палі. Каб іх прайсці, патрэбны вялікія намаганні», – распавядаў Паўлюк.

Таксама ў Кіеўскай, Роўненскай і Жытомірскай вобласцях дзейнічае забарона, якая забараняе людзям набліжацца да беларускай мяжы бліжэй, чым на адзін кіламетр. Гэтае абмежаванне не датычыцца тых населеных пунктаў, якія знаходзяцца прама на ўкраінска-беларускай мяжы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў