Прэм’ер-міністарка Новай Зеландыі абвясціла адстаўку перад выбарамі


Прэм’ер-міністарка Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн абвясціла ў чацвер, 19 студзеня, што пойдзе ў адстаўку з пасады прэмʼер-міністаркі Новай Зеландыі ў наступным месяцы, паведамляе CNN. Свой адыход яна патлумачыла стомаю і прызналася, што больш не мае сілаў працаваць на гэтай пасадзе.

Джасінда Ардэрн. Крыніца: russian.news.cn

42-гадовая Джасінда Ардэрн (Jacinda Ardern) сказала, што амаль шэсць цяжкіх гадоў на месцы прэмʼеркі моцна яе выматалі.

«Я цалкам аддала сябе працы на прэмʼер-міністарскай пасадзе, але гэта забрала ў мяне шмат сілаў. Вы не можаце і не мусіце выконваць гэтую працу, калі ў вас няма поўнага баку плюс крыху ў запасе на тыя незапланаваныя і нечаканыя праблемы, што непазбежна паўстаюць. Я падумала пра гэта і зразумела, што больш не маю запасу ў баку, каб рабіць працу належным чынам», – заявіла яна.

Ардэрн звольніцца пасля таго, як будзе абраны новы лідар кіроўнай Лейбарысцкай партыі, які і стане прэм’ерам, да 7 лютага. Галасаванне прызначанае на 22 студзеня.

Калі Ардэрн стала прэм’ер-міністаркай у 2017 годзе ва ўзросце 37 гадоў, яна была трэцяй жанчынай – лідаркаю Новай Зеландыі і адной з самых маладых лідараў у свеце. Ардэрн была пераабраная на другі тэрмін у 2020 годзе. На гэтай пасадзе яна нарадзіла дзіця.

Прэм’ер-міністарка Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн з жаніхом Кларкам Гэйфардам (Clarke Gayford) і дачкой Ніў Ты Арога (Neve Te Aroha). 2 жніўня 2018 года.
Фота: Derek Henderson / Office of the Prime Minister of New Zealand / Getty Images

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў