Штрафы і ўдар па рэпутацыі: што азначае заява Сусветнага банку пра адмову Беларусі плаціць па крэдытах


Беларусь будзе абавязаная выплаціць штрафы за пратэрмінаванне плацяжоў па крэдытах і пагоршыць сваю і без таго зруйнаваную рэпутацыю. Менавіта такія наступствы чакаюць краіну пасля заявы Сусветнага банку пра тое, што афіцыйны Менск не вяртае грошай, сказала «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца BEROC Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CFOTO / ddp images / Forum

Сусветны банк абвінаваціў Беларусь у пратэрмінаванні выплатаў па запазычанасці і абвясціў, што выдадзеныя краіне крэдыты пастаўленыя ў статус непрацоўных. Афіцыйны Менск, паводле заявы банку, не плаціць ужо паўгода.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што Сусветны банк не зрабіў нічога надзвычайнага: такія абвесткі – звыклая справа, калі даўжнік не вяртае грошай.

«Дакладна ёсць рэгламент: калі цягам 6 месяцаў не абслугоўваюцца крэдыты паводле кантрактаў, яны атрымліваюць гэты новы статус. Гэта цягне за сабою дадатковыя матэрыяльныя праблемы для Беларусі, мусяць налічвацца штрафы – 12,75 мільёна долараў», – сказала экспертка.

Лузгіна адзначыла, што таксама шкода наносіцца крэдытнаму рэйтынгу Беларусі, хоць ён ужо і без таго нізкі:

«Банк прылюдна пра гэта абвяшчае, адпаведна, гэта будуць дадатковыя рэпутацыйныя страты. Хаця ў сённяшніх умовах у Беларусі і без таго нізкі рэйтынг, Сусветны банк абвясціў усім, што краіна не плаціць паводле абавязанняў. Гэта яшчэ адзін адмоўны фактар ва ўжо і так сапсаваную крэдытную гісторыю Беларусі».

Аналітык мяркуе, што Менск не разлічваецца з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця з тых жа прычынаў, праз якія не плаціць па еўрааблігацыях:

«Асноўная прычына, як кажа ўрад, няма магчымасці плаціць па еўрааблігацыях у доларах праз тое, што грошы неяк не даходзяць. Хаця мы яшчэ не чулі каментароў ураду, чаму яны не плацяць Сусветнаму банку. Але, хутчэй за ўсё, тут тая ж прычына».

Настасся Лузгіна ўпэўненая: гэтай сітуацыі можна было б унікнуць пры жаданні: правесці перамовы з крэдыторам і знайсці выйсце. Але Менск вырашыў проста не плаціць.

«Сапраўды, могуць узнікнуць тэхнічныя складанасці праз санкцыі. Але ж трэба працаваць з крэдыторамі, магчыма, было б знойдзенае нейкае выйсце, але Беларусь у аднабаковым парадку пастанавіла проста не плаціць», – падсумавала экспертка.

Паводле Сусветнага банку, Беларусь пратэрмінавала плацяжы больш як на 68 мільёнаў долараў. Агульная сума выдаткаваных Менску крэдытаў ад банку амаль мільярд долараў.

Раней міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолт для чатырох выпускаў беларускіх еўрааблігацыяў. Гэта сталася праз пастанову ўраду плаціць інвестарам у рублях. Фармальна гэта парушэнне кантракту, у якім пазначаная валюта разлікаў.

Каментар
Беларусь страчвае інвестараў, а грамадства і эканоміка губляюць магчымасці і перспектывы
2022.08.01 10:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў