Служба дзяржбяспекі Грузіі заявіла пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту ў краіне


18 верасня Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі выступіла з экстранай заявай аб тым, што ў краіне плануецца сцэнар «Еўрамайдану» і змена ўлады шляхам гвалту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст у Батумі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

«Пэўная група асобаў плануе дэстабілізацыю і грамадзянскія беспарадкі ў Грузіі ў кастрычніку – снежні гэтага года, канчатковай мэтай з’яўляецца гвалтоўная змена ўлады», – гаворыцца ў заяве.

Як гавораць аўтары заявы, падрыхтоўка да ажыццяўлення падобнага сцэнару вядзецца пры фінансавай падтрымцы замежных краінаў.

Пачатак хваляванняў адбудзецца адразу пасля таго, як, меркавана, Еўракамісія выступіць з заявай аб адмове Грузіі ў наданні статусу кандыдата ў сябры Еўразвязу. Папярэдні даклад павінны быць агучаны ў кастрычніку, а канчатковае рашэнне будзе вынесенае ў снежні 2023 года. Гаворка аб тым, што Грузія не выканала ўсе патрабаванні, каб атрымаць такі статус, вядзецца ўжо зараз.

Сярод тых, хто мае дачыненне да падрыхтоўкі такога плану, называюцца прозвішчы Георгія Лорткіпанідзэ (зараз ён з’яўляецца намеснікам начальніка ваеннай выведкі Украіны, а ў часы прэзідэнцтва Міхаіла Саакашвілі займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных справаў Грузіі), былога целаахоўніка Саакашвілі Міхаіла Батурына і кіраўніка «Грузінскага легіёна», які ваюе супраць расейскіх акупантаў ва Украіне, Мамукі Мамулашвілі.

Як сцвярджаецца, абмяркоўваюцца некалькі сцэнароў развіцця падзеяў. Адзін з іх – гэта стварэнне намётавага гарадка, а таксама ўзвядзенне барыкадаў паблізу цэнтральных вуліц і стратэгічных аб’ектаў краіны, блакаванне і барыкадзіраванне ўрадавых будынкаў. Таксама магчымы падрыў выбуховай прылады, што пацягне за сабой ахвяры сярод мясцовага насельніцтва.

Паводле Службы дзяржбяспекі Грузіі, арганізатары разглядаюць магчымасць рэалізацыі сцэнара, аналагічнага з «Еўрамайданам», які адбыўся ў 2014 годзе ва Украіне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў