Украінцы сабралі грошы на «Байрактары», а купілі цэлы спадарожнік


«Байрактары» паабяцалі перадаць бясплатна, дык украінцы выдаткавалі іх на пакупку ўжо запушчанага спадарожніка. Тым часам грошы на яшчэ адзін «Байрактар» збіраюць латышы.

Спадарожнік ICEYE-X2. Выява: iceye.com

Украінскі «Дабрачынны фонд Сяргея Прытулы» паведаміў 18 жніўня, што за кошт праекту «Народны Байрактар» купіў спадарожнік: кампанія ICEYE аддала Міністэрству абароны Украіны поўны доступ да ўсіх магчымасцяў спадарожніка, што ўжо знаходзіцца на арбіце, а таксама дала доступ да «сузор’я» спадарожнікаў з радарамі сінтэзаванай апаратуры (SAR).

«Сёння ICEYE мае самую перадавую тэхналогію радыёлакацыйнай спадарожнікавай здымкі, – заявіў заснавальнік фонду, вядоўца і валанцёр Сяргей Прытула. – Гэтае пагадненне з’яўляецца сур’ёзным крокам у забеспячэнні крытычных патрэбаў украінскага ўраду ў звестках сачэння і істотнай дапамогай нашым Збройным сілам».

Навіну фонд пачаў фразай: «Украінцы, вы – космас».

ICEYE пацвердзіла ўгоду: кантракт падпісаны з фондам і дасць украінскім уладам поўны доступ да аднаго са спадарожнікаў на арбіце, а таксама доступ да іншых 20 спадарожнікаў, каб ЗСУ «атрымлівалі радыёлакацыйныя спадарожнікавыя здымкі крытычных месцаў з высокай частатой паўторнага наведвання». Кампанія дадае, што ейныя спадарожнікі могуць атрымліваць выявы высокага разрознення не толькі днём, але і ноччу, і нават праз аблокі.

Крымскі мост, фота са спадарожніка ICEYE. Выява: iceye.com

Фонд Прытулы раней сабраў 600 млн грыўняў (каля 20 млн долараў) за тры дні, гэтага хапіла б на тры, а то і чатыры беспілотнікі. Вытворца «Байрактараў», турэцкая кампанія «Baykar» адказала на збор абяцаннем аддаць тры дроны бясплатна. Да таго 5,9 млн еўраў на «Байрактар» для Украіны сабралі літоўцы, пасля – палякі і беларусы Польшчы сабралі 5 млн долараў на яшчэ адзін «Байрактар». І тым, і тым таксама паабяцалі аддаць беспілотнікі бясплатна.

Цяпер на яшчэ адзін «Байрактар» для Украіны пачалі збор грошай у Латвіі. На момант публікацыі сабралі каля 419,5 тысячы еўра з неабходных 5 млн.

«Bayraktar TB2» – турэцкі ўдарны беспілотнік сярэдняй вышыні палёту, што распрацоўваўся з 2007 года і ўпершыню падняўся ў неба ў 2014-м. Апарат можа кіравацца з далёкасці да 150 км і быць у паветры больш чым 24 гадзіны, можа несці дзве супрацьтанкавыя ракеты з лазернай наводкай або чатыры высокадакладныя авіябомбы. Такія беспілотнікі выкарыстоўвае як сама Турцыя, так і Украіна, Польшча, Азербайджан, Кыргызстан, Туркменістан, Катар, Марока, Пакістан ды іншыя.

Рэвалюцыйная асаблівасць «Байрактара» – параўнальна невысокая цана, бо аналагі каштуюць дзясяткі мільёнаў долараў. Эфектыўнасць «Байрактараў» на вайне ва Украіне ацэньваюць па-рознаму, адзначаюць іх уразлівасць адносна сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Але «Байрактарамі» знішчылі ўжо нямала расейскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку караблі, а беспілотнікі сталі ва Украіне мэмам, якому прысвячаюць песні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў