Ледзь не расстралялі ў Белгарадзе, гінуў на вайне, падтрымліваў Пазняка: да 99-годдзя Васіля Быкава


19 чэрвеня спаўняецца 99 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава, аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў, які прысвяціў сваю творчасць памяці пра Другую сусветную вайну. Ягоныя творы вартыя, каб іх чыталі і перачытвалі, а ўспаміны «Доўгая дарога дадому» – кніга, якую дакладна мусіць прачытаць кожны беларус. Узгадваем цікавінкі пра нашага сусветна вядомага пісьменніка.

Васіль Быкаў. Крыніца: interesnyefakty.org

З сям’і заснавальнікаў роднай вёскі. Продак Васіля Быкава Лук’ян Бык узгадваецца ў XVIII стагоддзі як заснавальнік вёскі Бычкі (сёння – Ушацкі раён). У ХІХ стагоддзі пад уплывам расейскай мовы прозвішча Бык змянілася на Быкаў, а пасля Рыжскага міру ў 1921 годзе Бычкі апынуліся за некалькі кіламетраў ад савецка-польскай мяжы. Тут і нарадзіўся Васіль Быкаў 19 чэрвеня 1924 года.

Першы ўспамін – пра возера. Дакладней, пра возера Белякоўскае (ад назвы суседскай вёскі), яно ж Гарадзень (ад назвы паганскага капішча, што існавала на беразе): «Сапраўды, неўміручае і нават нязменнае мілае маё азярко, якое я буду любіць да скону дзён».

Школьнікам пераклаў на беларускую мову кнігу Жуля Вэрна. Першы запомнены мастацкі твор – прачытаны бацькам «Гой» («І плакала Рыва…») Міхася Лынькова, а каб набыць «Дрыгву» Якуба Коласа, школьнікам зарабляў тым, што драў лыка. Найбольш жа Васіль Быкаў любіў прыгодніцкую літаратуру, у прыватнасці, Жуля Вэрна. Аднойчы, калі прачытаў расейскі пераклад раману «Вакол Месяца» і даведаўся, што па-беларуску яго няма, сам зрабіў пераклад ды даслаў у газету «Піянер Беларусі»: «Канешне, тое было наіўна, але кніжны свет ужо звыкла стаў для мяне ня меней значны за рэальны».

Найбольшая крыўда школьных гадоў – прапушчаны паказ фільму «Чапаеў». Школьнікам Васіль Быкаў шмат хварэў і аднойчы прапусціў паказ фільму «Чапаеў».

Васіль Быкаў. Фотаздымак 1944 года. Крыніца: book.uraic.ru

Праз яго ледзь не арыштавалі бацьку. Савецкая сістэма адукацыі выхоўвала «сексотаў-стукачоў» ужо са школьнай лавы і гісторыі Паўлікаў Марозавых былі даволі распаўсюджанымі. Аднойчы ў такую гісторыю ледзь не трапіў і сам Васіль Быкаў, калі ў перыяд калектывізацыі, якую вялікі беларускі пісьменнік называў «гвалтоўнай ліквідацыяй сялянства як класа» і «класічным генацыдам», ён падчас аднаго з правяранняў актывістаў указаў месца, дзе бацька быццам бы хавае лён. Але пашанцавала, што Уладзімір Тодаравіч, удзельнік Першай сусветнай вайны, хаваў яго зусім у іншым месцы.

Любіў маляваць. Пасля школы Васіль Быкаў паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскай мастацкай вучэльні, дырэктарам якога быў пасля вядомы савецкі мастак Іван Ахрэмчык. Быкаў не скончыў вучэльні, бо ягоная сям’я была бедная, а стыпендыю скасавалі. Таму вымушаны ён мусіў паступіць у школу ФЗН (фабрычна-завадскога навучання), а ў чэрвені 1941 года выправіўся працягваць адукацыю ў горад Шостка Сумскай вобласці, дзе яго і заспела вайна. У 1947 годзе дэмабілізаваны Васіль Быкаў жыў у Горадні і працаваў мастаком.

Малюнак Васіля Быкава. Крыніца: siarhiej.navumchyk / Facebook

«Украіна. Вайна. Белгарад». Так называецца адзін з раздзелаў успамінаў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», які сёння на фоне вайны мае дадатковы сэнс. У Белгарадзе Васіля Быкава арыштавалі і ледзь не расстралялі, калі знайшлі ў яго выдраны з падручніка аркушык з пазнакамі, як рухаецца фронт. Васіля нават ужо павялі на расстрэл да месца, дзе ён пабачыў сярод крапівы ногі аднаго са сваіх сукамернікаў: «I я не стрымаўся – слёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы здзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават».

Hавiны
Першы пацалунак, Біблія і «ўваскрэсенне». Пяць цікавых фактаў пра Васіля Быкава і Украіну
2022.06.17 17:02

Бацькі атрымалі пахавальны ліст. Васіль Быкаў першапачаткова быў дэмабілізаваны для ўзвядзення абаронных аб’ектаў – ад Гомля да Варонежу, а ўлетку 1942 года прызваны ў Чырвоную армію і ваяваў у складзе 2-га і 3-га Украінскіх франтоў. 10 студзеня 1944 года падчас Кіраваградскай аперацыі Васіль Быкаў атрымаў цяжкія раненні і быў запісаны як загінулы ў баях каля вёскі Вялікая Севярынка пад Кіраваградам (сёння – горад Крапыўніцкі Украіны), а бацькам даслалі «пахаронку». Ягоныя імя і прозвішча нават з’явіліся на абеліску каля Кіраваграду. Аднак ён выжыў і тры месяцы правёў у шпіталі, пасля чаго ваяваў у Румыніі, Балгарыі, Вугоршчыне, Югаславіі і Аўстрыі.

Запіс пра смерць Васіля Быкава. Крыніца: Память народа

 

Васіль Быкаў у імянным спісе на=езваротных стратаў асабовага складу. Крыніца: moypolk.ru

Знішчыў танк, за які ўзнагародзілі іншых. У адным з баёў у Румыніі лейтэнант Васіль Быкаў у складзе 252-й стралковай дывізіі быў паранены ў баі супраць нямецкіх танкаў. Нягледзячы на кантузію, ён здолеў стрэліць з пашкоджанай гарматы і знішчыць варожую баявую машыну: «Я дацягнуўся рукой і, лежачы, ціскануў на кнопку спуску. Узняўся пыл, штосьці там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, – ну, думаю, зараз дасць мне тут. Аж не – не дасць, бо ззаду сцелецца гусеніца, усё ж я яе збіў». За танк узнагародзілі іншых, а Быкаў, які адмовіўся стаць ад’ютантам камандзіра палка, быў накіраваны ў аўтаматчыкі.

Пасля вяртання ў Бычкі ледзь не арыштавалі як калабаранта. Пасля вайны Васіль Быкаў атрымаў адпачынак і першы раз за сем гадоў адправіўся на радзіму. Тут яго сустрэлі органы ўнутраных справаў з пытаннямі пра тое, дзе быў у вайну, ці не быў у палоне. Адна з мясцовых жанчын сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былі». І нават дадала: «Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы…» Але пасля правярання Васіль Быкаў быў вызвалены, а бацька адгаварыў яго вяртацца ў родную вёску, што жыла ў голадзе.

Веданне беларускай мовы дапамагло ўладкавацца ў газету. У 1947 годзе Васіль Быкаў стаў карэктарам у газеце «Гарадзенская праўда». Для гэтага яму хапіла напісанай заявы па-беларуску, што не кожны мог тады і зрабіць.

Першыя творы пра вайну пачынаў пісаць па-расейску: «…у выхадны накрэмзаў першае апавяданне пра апошні дзень вайны. Намеснік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкія ўласныя здольнасці». У 1949 годзе ў газеце «Гарадзенская праўда» з’явіліся першыя два ваенныя апавяданні Васіля Быкава – «В первом бою», «В тот день».

Пасля выдатных вынікаў на вайсковых зборах трапіў на Курылы, дзе пачаў пісаць па-беларуску. У 1949 годзе Васіль Быкаў другі раз быў змабілізаваны ў войска і накіраваны ў пасёлак Галаўніно на востраве Кунашыр, каб правесці шэсць гадоў на Далёкім Усходзе. Тут пачынаў пісаць на вайсковую тэму ўжо па-беларуску («Смерць чалавека» і «Абознік»), у адказ на прапагандысцкія пасляваенныя творы, што выклікалі непрыманне і жаданне палемізаваць.

Пасля крытыкі з боку Міхася Лынькова ледзь не завязаў з літаратурай. Васіль Быкаў даслаў некалькі сваіх твораў у часопіс «Полымя» і у выніку атрымаў падрабязны разбор ад Міхася Лынькова, пасля якога ўспрыняў уласныя творы як «гаўняныя». Пасля вяртання з войска ў Горадню зімой 1955/1956 года актыўна пісаў, але зноў стаў ахвярай крытыкі. На паседжанні літгуртка на чале з Міхасём Васільком ягоны твор добра «прапясочылі»: «Тое паседжанне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў». Але пасля гэтага Васіль Быкаў усё ж наважыўся паслаць у часопіс «Маладосць» апавяданне «Страта», якое пабачыла свет у 1956 годзе. Менавіта з яго Васіль Быкаў адлічваў сваю «сталую літаратурную дзейнасць».

Першую сапраўдную вядомасць яму прынёс твор, напісаны на васйковых зборах у Наваградку. Гэтым творам стала аповесць «Трэцяя ракета», створаная ў 1962 годзе, Васіль Быкаў пісаў яе, пакуль астатнія адпачывалі. Пазней пісьменнік узгадваў, што ніводзін іншы свой твор «не пісаў з такой апантанасцю, як «Трэцюю ракету», прычым не ведаў, чаму так адбываецца. Ужо ў 1963 годзе твор быў экранізаваны, а ў 1964 годзе Васіль Быкаў атрымаў сваю першую пісьменніцкую ўзнагароду – Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Васіль Быкаў выступае на мітынгу ў гонар 78-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск, Беларусь. 24 сакавіка 1996 года.
Фота: Віталь Савіч / Vytoki.net

Сам перакладаў свае творы на расейскую мову. Васіль Быкаў сам рабіў пераклады сваіх твораў, але ў расейскім варыянце яны мелі значна большае ўмяшанне цэнзуры. Клапаціўся пра патрэбу ў пашырэнні ўжытку беларускай мовы ў Беларусі, але быццам бы і сёння нічога не змянілася: «Нацыянальная мова беларусаў, як і сто год таму, зняважліва тапталася на ўсіх узроўнях, выцяснялася расейскай, хаця афіцыйна тое не прызнавалася. Афіцыйна, наадварот – улады трубілі пра яе росквіт, што давала памылковую падставу думаць пра нейкі недагляд, які можна выправіць».

Быў кіраўніком ПЭН-цэнтру, прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і адным з ініцыятараў стварэння БНФ. У 1988 годзе Васіль Быкаў стаяў ля вытокаў Беларускага народнага фронту і падтрымліваў Зянона Пазняка як чалавека, які «на ўсё жыццё хворы Беларуссю», але лічыў, што ягоныя «празмернасці ў дэфініцыях – асабліва што да Расеі і расейцаў» згулялі не на карысць беларускай справе: «Мабыць, у першапачатковы перыяд няўстойлівага суверэнітэту не трэба было закранаць складанага пытання люстрацыі і асабліва – пенсіяў. З цягам часу тое можна было б вырашыць ціха і без палітычнага ажыятажу, так, як гэта было зроблена неўзабаве ў Чэхіі або Польшчы».

Аб’ектыў
Барацьба з «няправільнай» літаратурай
2022.07.30 23:05

Выступаў супраць саюзу з Расеяй і Аляксандра Лукашэнкі. 24 сакавіка 1996 года Васіль Быкаў узначаліў аргкамітэт мітынгу супраць пагаднення аб інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Нацыянальнай ідэяй Беларусі бачыў «свабоду і незалежнасць»: «Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: не варта, ёсць лепшая ідэя – няволя і залежнасць, яна дае хлеб. (I бензін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас. Або яшчэ сцвярджаюць, што Беларусь не можа існаваць незалежна ў наскрозь залежным, драпежным свеце, дзе ўсё вырашаецца сілай. Але ж іншыя, куды слабейшыя за Беларусь еўрапейскія краіны існуюць і жывуць няблага». Пасля такой пазіцыі і крытыкі асабіста Аляксандра Лукашэнкі, ідэі якога назваў «простымі, як мычанне каровы», Васіль Быкаш быў вымушаны пакінуць Беларусь, куды вярнуўся незадоўга да сваёй смерці.

Пахаванне Васіля Быкава. Крыніца: charter97.org

Васіль Быкаў памёр 20 гадоў таму, 22 чэрвеня 2003 года, у гадавіну савецка-нацысцкай вайны, праўду пра якую ён апавядаў у сваіх творах. На ягонае пахаванне сабраліся каля 40 тысяч беларусаў, а труну вялікага беларускага пісьменніка накрылі нацыянальным сцягам, у абарону якога ён неаднойчы выказваўся, напрыклад, у траўні 1989 года, на з’ездзе беларускіх пісьменнікаў: «Бел-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму папірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі».

Гісторыі
Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў
2022.10.26 08:31

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў