Міжнародная федэрацыя баскетболу (FIBA) прыняла пастанову аб выключэнні беларускіх і расейскіх камандаў са сваіх спаборніцтваў. Адпаведная заява апублікаваная на сайце арганізацыі.
Кацярына Сныціна, экс-капітан зборнай Беларусі па баскетболе.
Фота: ksnytsina / Facebook
Праз пастанову FIBA зборныя Беларусі і Расеі выключаныя з наступных турніраў:
- Адборачныя матчы чэмпіянату свету па баскетболе FIBA 2023 (зборныя Беларусі знятыя з гульняў, а ўсе вынікі будуць ануляваныя).
- Чэмпіянат свету па баскетболе сярод жанчын FIBA U17 2022.
- Чэмпіянат свету па баскетболе сярод жанчын FIBA 2022.
- Ліга нацыяў FIBA 3х3 U23 2022.
- Кубак Еўропы FIBA 3х3 2022 (мужчынская і жаночая зборныя Беларусі знятыя з кваліфікацыі і не будуць замененыя іншымі камандамі).
- Адборачныя матчы Кубку Еўропы FIBA 3х3 U17 2022.
- Чэмпіянат свету FIBA 3×3 U18 2022 (абедзве каманды Беларусі знятыя з розыгрышу турніру, мужчынскую зборную зможа замяніць Літва, а жаночую – Бельгія).
- Чэмпіянат свету FIBA 3×3 2022.
- Таксама каманды, якія прадстаўляюць расейскія ці беларускія клубы, а таксама расейскія і беларускія гульцы не дапускаюцца да рэгістрацыі і ўдзелу ў турнірах FIBA 3×3 «Pro Circuit», сярод якіх сусветны тур, жаночая серыя.
- FIBA 3х3. Акрамя таго, аніводныя спаборніцтвы пад эгідай FIBA не будуць праведзеныя ў Расеі ці Беларусі.
Раман Лугоўскі, belsat.eu