Баі ў Бахмуце і Пуцін на Луганшчыне. Галоўнае пра вайну ва Украіне на ранак 18 красавіка


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 419 дзён. Расейскія войскі ўжо 11 месяцаў спрабуюць захапіць Бахмут. Крэмль тым часам заяўляе аб візіце Уладзіміра Пуціна на акупаваныя тэрыторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэнаванні ўкраінскіх вайскоўцаў з інструктарамі NATO ў Злучаным Каралеўстве. 17 красавіка 2023 года.
Фота: NATO / Facebook

Баявыя дзеянні ва Украіне не спыняюцца, нягледзячы на заявы Крамлю пра зацікаўленасць у найхутчэйшым сканчэнні вайны.

Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень расейскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары і 41 авіяўдар, учынілі 57 абстрэлаў з сістэмаў залпавага агню.

Прынамсі ў адным выпадку абстрэл прывёў да смерцяў мірных жыхароў: тры чалавекі загінулі ў выніку авіяналёту на сяло Наваягораўка, што блізу Сватава. Абстралялі сярод іншага цэнтральны рынак Херсону – параненыя як мінімум шасцёра.

Асноўныя наступальныя дзеянні расейскіх войскаў тым часам ідуць на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім напрамках, у эпіцэнтры баявых дзеянняў – Бахмут і Мар’інка. Як гэта выглядае, паказала Памежная служба Украіны.

У абароне Бахмуту бяруць удзел таксама беларускія добраахвотнікі. Відэа пра іх паказаў полк імя Кастуся Каліноўскага.

Як сцвярджае Генштаб ЗСУ, расейскія войскі з пачатку ўварвання ў мінулым лютым страцілі 183 тысячы чалавек, звыш 3600 танкаў, амаль 7100 бронемашынаў, звыш 2800 артылерыйскіх сістэмаў і звыш 500 сістэмаў залпавага агню, па тры сотні самалётаў і верталётаў.

Камандзір Сухапутных войскаў Украіны Аляксандр Сырскі заяўляе, што Расея павялічвае актыўнасць артылерыі і авіяўдараў, «ператварае горад у руіну» – ды абарона трывае, «сітуацыя кантраляваная».

Брытанская выведка заўважае, што «рэалістычна» выглядае тэорыя пра перакідванне войскаў Расеі з-пад Данецку на Бахмут, дзе разам з баевікамі «групы Вагнэра» цяпер ваююць афіцыйныя Узброеныя сілы. Фронт у горадзе праходзіць пераважна па чыгуначнай лініі. Дзеля баёў за Бахмут Расея, мяркуюць брытанскія выведнікі, знізіла актыўнасць наступальных дзеянняў пад Данецкам.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што кіраўнік баевікоў «групы Вагнэра» Яўгеній Прыгожын можа аднавіць некаторы давер Уладзіміра Пуціна праз няздольнасць афіцыйных войскаў выканаць хоць нейкія задачы. Баевікі, як выглядае, сталі атрымліваць падмацаванне і боепрыпасы, а Пуцін мог спыніць намаганні Міністэрства абароны адпомсціць баевікам – ды ступень даверы Пуціна Прыгожыну невядомая. ISW дапускае, што паляпшэнне стасункаў з баевікамі можа быць знакам нерашучасці абвяшчаць новую мабілізацыю.

Уладзімір Пуцін на нарадзе з вайсковым камандаваннем, як сцвярджаецца, на акупаваных тэрыторыях Луганскай вобласці Украіны. 18 красавіка 2023 года.
Фота: kremlin.ru

Крэмль распавёў ранкам 18 красавіка, што Пуцін наведаў акупаваныя тэрыторыі: штаб групоўкі «Днепр» на херсонскім напрамку і штаб нацыянальнай гвардыі «Усход» на Луганшчыне, заслухаў камандзіраў і павіншаваў вайскоўцаў з Вялікаднем.

Украінскія медыі выказваюць вялікія сумневы ў тым, што Пуцін сапраўды наведаў акупаваныя тэрыторыі. Выказваюцца як здагадкі аб тым, што відэа з Пуціным маглі здымаць у Расеі (выразных прыкметаў таго, што дзеянне на відэа адбываецца ва Украіне, няма), так і аб тым, што ва Украіну прыехаў двайнік. Нават у расейскіх сацсетках сумняюцца. Напрыклад, пытаюць: калі прыехаў на Данбас, чаму не ездзіў у штабы ў Белгарадзе ці Сімферопалі? Звяртаюць увагу і на тое, што Пуцін трымае дыстанцыю ад людзей ад пачатку пандэміі, сустракаецца з чыноўнікамі за даўжэзным сталом і пасля працяглай ізаляцыі гасцей – а чалавек на відэа цісне рукі людзям.

Абноўлена. Аляксандр Лукашэнка ў Менску сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай «ДНР».

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў