Аляксандр Мураўёў даў першае інтэрв'ю. Ён абвінавачвае беларускі рэжым у катаваннях і будзе звяртацца ў суд, каб вярнуць сваю маёмасць


Сваё першае інтэрв’ю беларускі прадпрымальнік Аляксандр Мураўёў, які меў бізнес у Аўстрыі, даў Аўстрыйскаму агенцтву друку (APA). У ім ён распавёў пра тое, як страціў усю сваю маёмасць і бізнес ды як яго катавалі ў засценках беларускага КДБ, і падзяліўся планамі адстойваць справядлівасць.

Аляксандр Мураўёў у сваёй кватэры. Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 25 студзеня 2024 года. Фота перададзенае рэдакцыі

Беларускі прадпрымальнік Аляксандр Мураўёў, які жыве і мае холдынг у Аўстрыі, доўгі час фармальна быў адным з найбуйнейшых аўстрыйскіх інвестараў у Беларусі. У 2015 годзе КДБ Беларусі пасадзіў яго на 11 гадоў, а Аўстрыя юрыдычна дапамагала ў гэтым сумнеўным судовым вядзенні, распавядае APA.

Да таго як задушэнне дэмакратычнага руху пасля 2020 годзе прывяло да пераацэньвання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дачыненні паміж Менскам і Венай доўгі час развіваліся цудоўна: у 2016 годзе ў Менску была адкрытая паўнавартасная амбасада, а ў 2019 годзе Лукашэнку абходжвалі кіраўнікі краіны і прадстаўнікі бізнес-супольнасці ў часе дзяржаўнага візіту ў Вену. Тады прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен назваў Беларусь «сяброўскай краінай», высока ацаніў «значны ўнёсак» Лукашэнкі ў збліжэнне з ЕЗ і толькі мякка пакрытыкаваў сітуацыю з правамі чалавека. Пра справу, якая выклікае шмат пытанняў і дэ-факта прывяла да прымусовай нацыяналізацыі беларускіх пакетаў акцыяў аўстрыйскага холдынгу ў 2017 годзе, не згадвалася.

«У Беларусі груба парушаюцца мае правы чалавека», – заявіў Аляксандр Мураўёў у сваім першым пасля вызвалення інтэрв’ю, якое ён даў APA.

Даведка
На дадатак, APA ў супрацы з «Белсатам» і Беларускім расследавальніцкім цэнтрам правяла сваё расследаванне гэтай справы. Пра яго можна будзе прачытаць на сайце БРЦ у аўторак. Вялікае інтэрв’ю Аляксандра Мураўёва АРА будзе на сайце «Белсату» ў пятніцу.

У інтэрв’ю APA Аляксандр Мураўёў распавёў, што, акрамя збіцця ў СІЗА КДБ, яму пагражалі забойствам.

«Яны сказалі мне, што я магу лічыць, што мяне ўжо няма ў жывых і што мае дзеці нават не знойдуць маёй магілы», – сказаў ён. Гэта быў сур’ёзны ціск, заявіў прадпрымальнік.

Яшчэ да выніковага прысуду ў 2017 годзе Лукашэнка публічна заявіў, што пагражаў Мураўёву турмою, калі той не пойдзе на ягоныя ўмовы. Пра гэта і шмат іншых дэталяў прадпрымальнік распавёў са свайго часовага прытулку ў Дубаі. Ён паехаў туды на наступны дзень пасля вызвалення ў канцы 2022 года.

Аляксандр Мураўёў з памятнымі адзнакамі «Мотавела». Дубай, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. 25 студзеня 2024 года. Фота перададзеныя рэдакцыі.

APA нагадвае, што ў Беларусі Мураўёў быў паспяховым прадпрымальнікам. У 2002 годзе Аўстрыйская гандлёвая кампанія ATEC, звязаная з Мураўёвым, купіла 65 % шклозаводу ў вёсцы Ялізава.

У 2006 годзе за эканамічныя поспехі Лукашэнка нават узнагародзіў Мураўёва медалём. А на наступны год «ATEC Holding GmbH» змагла купіць у дзяржавы 99,72 % акцыяў заводу «Мотавела», якія ў 2013 годзе перайшлі да «ATEC Investment GmbH». Нягледзячы на часовую добразычлівасць на самым высокім узроўні, Мураўёў адмаўляе, што калі-небудзь атрымліваў нейкія прэферэнцыі ад рэжыму.

«З таго часу, як мне споўнілася 22 гады, ніхто ніколі не падтрымліваў мяне», – сказаў Мураўёў, які нарадзіўся ў 1966 годзе і займаецца бізнесам з 1988 года.

У 2015 годзе ўлады Беларусі рэзка спынілі ягоную прадпрымальніцкую дзейнасць: пасля таго як ён адмовіўся перадаць у дар дзяржаве акцыі «Мотавела», што належаць «ATEC Investment GmbH», КДБ 1 чэрвеня 2015 года змясціў яго ў сумна вядомую менскую турму. Усяго Мураўёву давялося правесці там больш за тры гады. Акрамя як у падатковых правапарушэннях, бізнесоўца абвінавачвалі ў невыкананні інвестыцыйных планаў на «Мотавела». Мураўёў палічыў абвінавачванні сфабрыкаванымі. Тым не менш у 2017 годзе яму прысудзілі агулам 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй актываў.

Аб’ектыў
За што ўлады пераследуюць былога ўладальніка «Мотавела»?
2018.05.15 22:29

Аўстрыйскія ўлады ў гэтай сітуацыі бяздзеялі. У адказ на запыт APA аўстрыйскае МЗС заявіла, што ім нічога невядома пра ліст, у якім давераная асоба Мураўёва ў верасні 2018 года прасіла пра дапамогу тагачасную міністарку замежных справаў Аўстрыі Карын Кнайсль. МЗС таксама не перадало ніякай інфармацыі ў Міністэрства эканомікі Аўстрыі, якое адказвае за двухбаковае пагадненне аб абароне інвестыцыяў. Гэтая дамова забараняе Беларусі прымаць супраць аўстрыйскіх інвестараў захады, раўнасільныя экспрапрыяцыі, калі яны не былі выкананыя паводле законнай працэдуры. Сваім рашэннем у 2017 годзе суд у Менску не толькі канфіскаваў прыватныя актывы Мураўёва, але і экспрапрыяваў акцыі, што належалі не яму, а звязанай з ім аўстрыйскай холдынгавай кампаніі.

Немалая роля ў тым, што беларус страціў усе свае актывы ў Аўстрыі, у канчатковым выніку належала аднаму з латышскіх банкаў: праз некалькі тыдняў пасля арышту Мураўёва гэты банк паспяхова дамогся выканаўчай вытворчасці ў Рыжскім арбітражным судзе ў сувязі з нявыплатай крэдыту. У «Rietumu Banka» заявілі, што бакі былі правільна паінфармаваныя аб працэдуры. Аднак з турмы КДБ неяк паўплываць на сітуацыю было немагчыма. У сваім інтэрвʼю Мураўёў зняпраўдзіў гэтую версію і абвінаваціў банк. На пытанне АРА ў банку адмовіліся даць інфармацыю пра канкрэтную справу, спаслаўшыся на банкаўскую таямніцу.

«Наўмысны распаўсюд хлуслівай інфармацыі будзе карацца паводле грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства», – заявіла прэс-сакратар банку.

Траўматычным для беларуса было і тое, што ён страціў свой дом у Аўстрыі. Падчас зняволення Мураўёва прыйшоў выканаўчы ліст з Рыгі, і ў 2020 годзе абʼект быў прададзены за 2,1 млн еўраў кампаніі, што належыць вядомаму венскаму прадпрымальніку Марціну Хо.

Агулам Мураўёў і аўстрыйская холдынгавая кампанія, што за той час была ліквідаваная, страцілі велізарныя сумы, якія ён цяпер хоча вярнуць у судовым парадку. Гаворка ідзе пра суму ад 40 да 274 мільёнаў еўраў. Да арышту ягоная група мела гадавы абарот 200 мільёнаў еўраў, растлумачыў беларус, які цяпер спрабуе яшчэ і аднавіць від на жыхарства ў Аўстрыі. Ухваляе намаганні Мураўёва і беларуская апазіцыя.

«Гэта права Аляксандра – змагацца за справядлівасць, выкарыстоўваючы прававыя механізмы ў канстытуцыйных дзяржавах», – сказаў дыпламат Валерый Кавалеўскі, паплечнік лідаркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Таму дзеянні Мураўёва падаюцца абгрунтаванымі і паслядоўнымі, заявіў Кавалеўскі APA.

Hавiны
Выявілі новыя парушэнні ў справе экс-уласніка «Мотавела» Мураўёва?
2020.03.28 19:41

belsat.eu 

Стужка навінаў