Унікальны «агністы вадаспад» у ЗША і расколіна на 15 км у Турцыі. Галоўныя здымкі тыдня


Разлом даўжынёй 15 кіламетраў пасля землятрусу ў Турцыі, вялікая паводка ў Новай Зеландыі пасля цыклону Габрыель, найбуйнейшая ў Непале паводле ліку ахвяраў за апошнія дзесяцігоддзі авіякатастрофа, археалагічныя раскопкі дому XVI стагоддзя ў Іспаніі ды ўнікальная з’ява, «агністы вадаспад» у ЗША – сабралі галоўныя падзеі з усяго свету ў фотаздымках.

Расколіна даўжынёй 15 кіламетраў і шырынёй да дзесяці метраў бачная пасля землятрусу магнітудай 7,8, які адбыўся ў памежных правінцыях Турцыі ды Сірыі. Колькасць ахвяраў на раніцу 17 лютага складае амаль 43 тыс., і гэтая лічба працягвае расці. Малат’я (Malatya), Турцыя.
Фота: Sagip Sezginer / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Жыхаркі Часавага Яру развітваюцца падчас эвакуацыі. Горад месціцца ў Данецкай вобласці і практычна штодня абстрэльваецца расейскай арміяй. Часаў Яр, Украіна.
Фота: Yasuyoshi Chiba / AFP / East News
Салдат з пазыўным Фрыц з 79-й дэсантна-штурмавой брыгады страляе з гранатамёта па расейскіх пазіцыях на перадавой у Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum
Цыклон Габрыель прывёў да паводкі ў некалькіх рэгіёнах Новай Зеландыі. Асабліва пацярпеў рэгіён Гок’с-Бэй (Hawke’s Bay), дзе рэкі выйшлі з берагоў, затапіўшы наваколле і будынкі. У выніку здарэння шмат людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Урад Новай Зеландыі абвясціў надзвычайную сітуацыю ў шасці рэгіёнах краіны, каб надаць дапамогу пацярпелым. Нэйпір (Napier), Новая Зеландыя.
Фота: Stringer / AFP / East News
Непальская армія разам з паліцыяй шукае целы ахвяраў пасля крушэння самалёта «Yeti Airlines», які выконваў унутраны рэйс, у цясніне ракі Сэці (Seti). Авіякатастрофа забрала жыццё 72 асобаў і сталася самай буйной у краіне паводле ліку ахвяраў за апошнія дзесяцігоддзі. Што менавіта было прычынай катастрофы, пакуль невядома. Покхара (Pokhara), Непал.
Фота: Skanda Gautam / SOPA Images / Shutterstock / East News
Археалагічныя раскопкі на скрыжаванні вуліцаў Жыроны і Маллёркі ў Барсэлоне. Камунальныя службы знайшлі археалагічныя рэшткі, якія былі часткай фермерскага дому XVI–XVII стст., пра існаванне якога сталася вядома дзякуючы карце 1823 года. Барсэлона, Каталуння, Іспанія.
Фота: Europa Press / AP / East News
Кожны год у апошнія два тыдні лютага ў Ёўсэміцкім нацыянальным парку можна назіраць з’яву, вядомую як «агністы вадаспад». Узнікае яна на захадзе сонца, калі прамяні асвятляюць вадаспад Конскі Хвост (Horsetail Fall), афарбоўваючы ваду, што падае з вяршыні гары Эл-Капітан (El Capitan), у ярка-аранжавы колер. Каб убачыць гэты «агняпад», трэба чыстае неба, дастатковая колькасць снегу на вяршыні гары і плюсавая тэмпература. Каліфорнія, ЗША.
Фота: Carlos Barria / Reuters / Forum
Словы «Маліцеся за Турцыю і Сірыю» праекцыююцца на статую Хрыста Збавіцеля на знак памяці аб ахвярах землятрусу ў Турцыі і Сірыі. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што гэтае бедства было самым разбуральным у гісторыі краіны з 1939 года. Рыа-дэ-Жанэйра (Rio de Janeiro), Бразілія.
Фота: Lucas Landau / Reuters / Forum
Родныя беларускага добраахвотніка, жаўнера Збройных сілаў Украіны Эдуарда Лобава аплакваюць загінулага салдата. На могілках Вайсковыя Павонзкі прайшло пахаванне беларускага жаўнера, які з 2015 года ваяваў на баку Украіны, а 26 студзеня 2023 года загінуў пад Вуглядарам. Варшава, Польшча.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Жанчына корміць галубоў у цэнтры Софіі, Балгарыя.
Фота: Hristo Vladev / NurPhoto / AFP / East News
Людзі танчаць падчас цырымоніі адкрыцця традыцыйнага опернага балю ў Вене, Аўстрыя.
Фота: Nina Riggio / Reuters / Forum
Літоўцы запалілі традыцыйныя вогнішчы свабоды падчас святкавання 105-годдзя аднаўлення літоўскай дзяржавы на праспекце Гедзіміна ў Вільні, Літва.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў