Пераплюне о-мікрон у заразнасці: які штам каронавіруса цыркулюе цяпер у Беларусі


У Беларусі цыркулюе разнавіднасць штаму о-мікрон – пірола.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэст на каронавірус.
Фота: fernandozhiminaicela / Pixabay

Намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка расказаў БелТА пра сітуацыю з СOVID-19 у краіне. Паводле яго, цяпер, як і ўва ўсім свеце, адзначаецца пэўны рост захворвання, сітуацыя кантраляваная.

«У свеце выклікае заклапочанасць цыркуляцыя штаму пірола, і цяпер назіраецца пэўны ўздым. Гэты штам характарызуецца зніжэннем працягласці інкубацыйнага перыяду: з моманту заражэння да захворвання мінаюць тры дні, раней было пяць і больш. Захворванне працякае ў няцяжкай форме», – апавёў галоўны дзяржаўны санітарны доктар.

Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе вакцынавацца, асабліва асобам групы рызыкі. Гэта грамадзяне ў веку 61+, з хранічнымі хваробамі. На сёння, згодна з афіцыйнымі звесткамі, больш за 10 % насельніцтва прышчэпленыя.

Нагадаем: у канцы верасня Аляксандр Тарасенка паведамляў, што ў Беларусі няма піролы. А з ліпеня 2022 года Мінздароўя наагул не называе колькасці выпадкаў захворвання на ковід у краіне.

Hавiны
Прышчэпкі супраць COVID-19: у Беларусі змянілі ўмовы вакцынацыі
2023.10.22 14:16

Што вядома пра піролу?

Пірола – гэта мутаваны о-мікрон COVID-19. Сусветная арганізацыя здароўя назвала вірус варыянтам пад назіраннем.

У Цэнтры кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША правялі папярэдні аналіз і выявілі, што раней праведзеная вакцынацыя працуе і супраць новага варыянта ковіду.

Сімптомы хваробы могуць выяўляцца гэтак жа, як і пры іншых падвідах каронавіруснай інфекцыі. Гэта насмарк, галаўны боль, стомленасць, чханне, боль у горле, аднак таксама могуць адзначацца дыярэя, пачырваненне вачэй і сып.

Новыя штамы могуць выклікаць як лёгкія бессімптомныя формы, гэтак і дастаткова цяжкія. Небяспечнымі могуць быць бактэрыяльныя ўскладненні віруснай інфекцыі, якія выяўляюцца ў выглядзе атыту, бранхіту, пнеўманіі ды іншых захворванняў. У некаторых выпадках магчымая страта нюху.

Адзначаецца, што ў піролы больш мутацыяў, чымся ў о-мікрону – больш за 30. Раней змены ў штамах вылічаліся ад аднаго да чатырох варыянтаў, максімум да дзесяці. Чым больш мутацыяў, тым менш распазнавальны для імуннай сістэмы робіцца варыянт віруса. А значыць, заразіцца лягчэй. Гэты штам распаўсюджваецца значна хутчэй за папярэднія.

У групе рызыкі, як правіла, – асобы са зніжаным імунітэтам: гэта ў тым ліку маленькія дзеці і людзі сталага веку. Таксама высокая імавернасць захварэць на гэтую інфекцыю ў тых, хто часта стасуецца з вялікаю колькасцю людзей: сацыяльныя работнікі, выкладчыкі, медычныя работнікі.

Hавiны
МРТ паказала пашкоджанні ўнутраных органаў у людзей з «зацяжным ковідам»
2023.09.23 21:15

СП, belsat.eu

Стужка навінаў