Абвешчаныя пераможцы прэміі Ежы Гедройця ў 2022 годзе


Абвясцілі пераможцаў літаратурнай прэміі Гедройця. У конкурсе бралі ўдзел кнігі, якія былі напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і былі выдадзеныя ў 2021 годзе.

Сяргей Абламейка падчас цырымоніі ўручэння прэміі імя Гедройца.
Фота: Белсат

Першае месца «за ўваскрашэнне genius loci і расшыфроўку іерогліфаў на стэле беларускай сталіцы» заняла кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021). «Гэтая кніга доктара гісторыі Сяргея Абламейкі – першае навуковае даследаванне пра час і прычыны разбурэння Старога гораду, яго загадкі, яго герояў і антыгерояў», – піша беларускі ПЭН-цэнтр.

Другое месца «за чароўнае запрашэнне чытача ў свет чалавечай годнасці, пералівістых думак і абэртонаў» атрымала Вольга Гапеева з кнігай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» (Менск, «Галіяфы», 2021).

Трэцяе месца – у кнігі «Жэнька, каралева мышак» Валерыя Гапеева (Менск, «Кнігазбор», 2021) «за стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці».

Сяргей Абламейка, Вольга Гапеева, Валерый Гапееў. Крыніца: Беларускі ПЭН

Усяго ў кароткі спіс увайшло шэсць кніг. Іншыя кнігі кароткага спісу:

  • Максім Клімковіч «Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі». Менск, «Галіяфы», 2021.
  • Уладзімер Някляеў «Гэй Бэн Гіном». Беласток, Фонд Kamunikat.org, 2021.
  • Ганна Севярынец «Мая школа». Менск, «Лімарыус», 2021.

Сёлета ў склад журы ўвайшлі: літаратуразнаўца Ульяна Верына; крытык, літаратар Сяргей Дубавец; пісьменніца Святлана Курс; паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч; крытык, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія Гедройця – незалежная літаратурная ўзнагарода, якая ўручаецца 11 год запар і адыгрывае значную ролю ў жыцці культурніцкай супольнасці Беларусі.

Анонс
Пратэстоўцы ў хатнім рабстве ў амапаўца. У Варшаве пакажуць эпізод серыялу «Белсату»
2022.11.17 17:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў