Вайсковы аглядальнік Давід Шарп: Ізраіль павінен абараняцца


199 закладнікаў утрымлівае «Хамас» на тэрыторыі сектару Газа, сярод іх ёсць і грамадзяне ЗША. Рада Еўропы заклікала вызваліць людзей без усялякіх умоваў. Вайсковы аглядальнік з Ізраілю Давід Шарп падкрэслівае, што ізраільскія ўдары па сектары Газа ў выпадку абароны нельга лічыць ваенным злачынствам нават у выпадку, калі тэрарысты прыкрываюцца мірнымі грамадзянамі як жывым шчытом, і іх трэба неадкладна спыніць. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Цалкам размову глядзіце тут:

«У ваенных злачынстваў ёсць дастаткова дакладная градацыя, і нічога падобнага там не было. Ізраіль наносіць удары па вайсковых аб’ектах выключна высокадакладнай зброяй. І калі б здзяйсняліся масавыя ваенныя злачынствы, там былі б дзясяткі тысяч забітых».

Эксперт упэўнены, што на кожным абстраляным аб’екце была выяўленая прысутнасць «Хамасу», а ў выпадку знаходжання там мірных жыхароў да атакі ім даецца магчымасць пакінуць гэтую тэрыторыю.

«Важна разумець, што «Хамас» ваюе за знішчэнне Ізраілю і любымі магчымымі спосабамі спрабуе вынішчаць ізраільцянаў. У тую жудасную суботу каля 900 жыхароў Ізраілю (у тым ліку і жанчын, дзяцей і старых людзей) былі літаральна выразаныя, у тым ліку і пачварнымі спосабамі. Падкрэсліваю, не проста застрэленыя, а ў многіх выпадках пачварнымі спосабамі: спаленыя, зарэзаныя, засечаныя і вывезеныя ў закладнікі».

Таму, паводле Давіда Шарпа, Ізраіль не можа рэагаваць па-іншаму і павінен даваць адпор тым, хто спрабуе яго знішчыць, а тое, што «Хамас» прыкрываецца мірнымі людзьмі, – гэта адказнасць і злачынства саміх тэрарыстаў.

«Я не магу ахвяраваць сваім жыццём дзеля таго, каб былі ў бяспецы тыя, хто, дарэчы, пагалоўна падтрымлівае знішчэнне Дзяржавы Ізраіль. І паверце мне, маральныя пакуты ад таго, што адбылося ў тую суботу, цярпіць вельмі малая колькасць жыхароў сектару Газа».

Ізраіль жа са свайго боку, на думку эксперта, робіць усё магчымае, каб выратаваць мірных грамадзянаў Палестыны, адкрываючы для іх гуманітарныя калідоры на поўдзень і кожны раз прадаўжаючы адрэзак часу на тое, каб людзі паспелі выехаць. І калі гэтага не адбудзецца, то, безумоўна, ахвяраў будзе нашмат болей.

У пагрозах Ірану ўступіць у гэтую вайну Давід Шарп сумняецца, бо, паводле эксперта, Іран звыкся дзеяць чужымі рукамі, для чаго ў іх ёсць у саюзніках арганізацыя «Хізбула» – вельмі моцная тэрарыстычная групоўка – ды іншыя ўзброеныя сілы.

«Як бы там ні было, калі гэтыя сілы ўступяць, я спадзяюся, Ірану гэта не сыдзе з рук. А калі ўступіць сам Іран, то так, гэта будзе цяжэй для Ізраілю заўважна, але Іран заплоціць катастрафічную цану. У тым ліку і таму, што амерыканцы намякалі, што гэтага рабіць не варта», – падсумоўвае эксперт.

Здымак вокладкі: Mohammed Hinnawi / UNRWA

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў